Мазыр: ЦВК навяла парадак з нумарацыяй участкаў у Мазыры
Просьба Рыгора Крывіцкага, кіраўніка Мазырскага аддзялення ГА "Рух "За Свабоду", які ўзначальвае ініцыятыўную групу Нікадзіма Варановіча (Мазырская выбарчая акруга №42) да Лідзіі Ярмошынай даць дакладную нумарацыю выбарчых участкаў па гэтай акрузе і больш дэталёвае апісанне межаў акруг №42 і №43 у горадзе Мазыры – задаволена.
У ЦВК разгледжаны зварот Рыгора Крывіцкага. У адказе Лідзія Ярмошына абапіраецца на арт.42 ВК РБ, згодна з якім нумарацыю выбарчых участкаў на тэрыторыі выбарчай акругі ўстанаўліваюць адпаведныя акруговыя выбарчыя камісіі. Так, рашэннем Мазырскага раённага выканаўчага камітэта ад 16 ліпеня №868 “Аб утварэнні ўчасткаў для галасавання па выбарам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання” у Мазырскім раёне ўтвораны 81 участак для галасавання.
Кіраўнік ЦВК удаклядняе: “На тэрыторыі Мазырскай выбарчай акругі №42 знаходзяцца ўчасткі з нумарацыяй ад №1 да №40, у складзе Палесскай выбарчай акругі №43 – участкі з нумарацыяй ад №56 да №96. Межы выбарчых акруг №№42-43 удакладнены пастанаўленнем Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 27 ліпеня 2012 №43, у адпаведнасці з якім частка мікрараёна “Молодёжный”, абмежаваная вуліцамі Гагарына, Міра, Нафтабудаўнікоў і бульварам Малініна (за выключэннем дамоў №59, 61, 63 бульвара Юнасці), уваходзіць у склад Мазырскай выбарчай акругі №42. Другая частка мікрараёна “Молодёжный”, якая месціцца на заходнім баку бульвара Малініна (у якую ўваходзяць дамы №59,61,63 бульвара Юнасці) уваходзіць у склад Палесскай выбарчай акругі №43.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”