Старшыні Магілёўскага аблсавета не падабаецца апазіцыя
Старшыня Магілёўскага аблсавета Уладзімір Панцюхоў адказаў на пытанне карэспандэнта газеты “Асіповіцкі край”, што ён думае наконт маючых адбыцца парламенцкіх выбараў у Беларусі і іх ходу ў Магілёўскай вобласці, у прыватнасці. Уладзімір Панцюхоў адзначыў, што “падрыхтоўка к важнай палітычнай падзеі ў жыцці Беларусі праходзіць у нас спакойна і цывілізавана, без якіх-небудзь правакацыйных дзеянняў з боку апазіцыі”. Аднак кіраўнік народных абраннікаў Магілёўскай вобласці, былы першы сакратар Цэнтральнага райкама КПБ Магілёва Уладзімір Панцюхоў не змог стрымацца і ўсё ж паліў брудам сваіх апанентаў.
У працяг адказа на пытанне карэспандэнта “Асіповіцкага краю” старшыня аблсавета сказаў пра тое, што “Нясмелыя спробы апанентаў улады разгарнуць незразумелыя дэбаты былі, але ўсе іх целаварушэнні скончыліся нічым, і гэтыя патугі ў чарговы раз толькі пацвердзілі, якую вагу ў нашым здаровым грамадстве мае апазіцыя і што ўяўляюць яе лідары”.
Таксама Уладзімір Панцюхоў выказаў стопрацэнтную ўпэўненасць, што выбары ў верасні пройдуць якасна і на высокім узроўні, а пэўнае абнаўленне дэпутацкага корпуса пойдзе ўсім толькі на карысць.
Сумна, што старшыня Магілёўскага аблсавета, які павінен абараняць правы ўсіх грамадзян сваёй вобласці, не разумее, што толькі дзякуючы дэбатам і ўліку меркаванняў усіх грамадзян грамадства можа развівацца наперад, а не скатвацца ў застой.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”