Сяргей Гоўша скардзіцца на бяздзеянне баранавіцкага пракурора
Скарга датычыць сітуацыі, якая пачалася 2 жніўня, калі Сяргей Гоўша быў выкліканы ў Баранавіцкі ГАУС участковым, капітанам міліцыі Мікалаем Кудраўцавым, дзе даведаўся, што старшыня акруговай камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5 Таццяна Латышава напісала заяву ў міліцыю і абвінавачвае Сяргея Гоўшу ў тым, што ён 23 ліпеня наўмысна абразіў брыдкаслоўем яе і прысутных сябраў выбарчай камісіі.
У сваёй скарзе Сяргей Гоўша даводзіць абласному пракурору, што ён прадставіў міліцыянеру дыктафонны запіс пасяджэння АВК 23 ліпеня, дзе няма ніякага брыдкаслоўя. Аднак замест таго, каб сур’ёзна разабрацца ў гэтай справе, супрацоўнікі міліцыі склалі на Сяргея Гоўшу адміністрацыйны пратакол аб парушэнні арт.17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Ніхто з шматлікіх супрацоўнікаў міліцыі, з якімі вёў размовы назіральнік, не хацеў разбірацца ў гэтай адміністрацыйнай справе і тым болей далучыць да яе дыктафонны запіс размовы Сяргея Гоўшы і Таццяны Латышавай.
Назіральнік даводзіць абласному пракурору, што публічна зроблены ім гуказапіс размовы, на якую спасылаецца ў сваёй заяве старшыня камісіі Латышава Т.В., якраз і з’яўляецца вельмі важкім носьбітам інфармацыі для аб’ектыўнага разбіральніцтва гэтай справы. А таму ён (гуказапіс), адпаведна ч. 3 арт. 6.11 ПВКаАП, павінен быў быць далучаны да справы аб адміністратыўным правапарушэнні. Але капітан міліцыі Кудраўцаў М.Я. адмовіўся задаволіць яго хадайніцтва.
Тым самым, лічыць Сяргей Гоўша, было парушана прадугледжанае арт. 2.8 ПВКаАП яго права на абарону падчас адміністрацыйнага працэсу, згодна якому службовая асоба органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, абавязана прыняць меры да таго, каб асоба, у дачыненні да якой вядзецца працэс, мела фактычную магчымасць выкарыстаць усе сродкі і спосабы сваёй абароны.
А таму, паведамляе Сяргей Гоўша абласному пракурору, кіруючыся ч.1 арт. 7.2 ПВКаАП, 10.08.2012г. ён звярнуўся да пракурора г. Баранавічы са скаргай на службовых асоб Баранавіцкага ГАУС, у якой прасіў прыняць прадугледжаныя законам меры пракурорскага рэагавання з прычыны парушэння імі яго права на абарону. Але пракурор г. Баранавічы скаргу Сяргея Гоўшы пераслаў у суд. Тым самым ён ухіліўся ад выканання ўскладзеных на пракуратуру арт. 125 Канстытуцыі РБ абавязкаў па нагляду за выкананнем законаў і іншых нарматыўных прававых актаў дзяржаўнымі органамі і іх службовымі асобамі.
Зыходзячы з вышэй выкладзенага і кіруючыся арт. 125 Канстытуцыі РБ, ч. 1 арт. 7.2 ПВКаАП Сяргей Гоўша просіць абласнога пракурора: 1) даць прававую кваліфікацыю дзеянням пракурора г. Баранавічы і прыняць у дачыненні да яго ўстаноўленыя законам меры за парушэнне дзеючага заканадаўства; 2) абавязаць пракурора г. Баранавічы разгледзець скаргу Сяргея Гоўшы ад 10.08.2012 г. па сутнасці.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”