Умовы ўтрыманьня палітзьняволеньня Івана Крука значна пагоршыліся
Умовы знаходжаньня, у якіх зьняволены астравецкі праваабаронца і грамадзкі дзеяч Іван Крук, значна пагоршыліся. У Глыбоцкай калёніі яго перавялі з 64-й у 18-ю камеру. Людзей там больш і яны ўсе і вельмі шмат кураць. Па прызнаньні самога Івана Крука, які не паліць цыгарэты, ён упершыню адчуў праблемы з сэрцам. Да ўсяго Іван Крук змушаны засьцерагацца правакацый, якія ўжо рабіліся ў дачыненьні да яго раней. Пасьля кожнай прагулкі ён пераглядае ўсе свае рэчы, каб нечага не падкінулі. Нагадаем, што тэрмін зьняволеньня Івана Крука адлічваецца зь 10 ліпеня. Засуджаны ён быў на паўгады турэмнага арышту Лідзкім раённым судом нібыта "за супраціў работнікам міліцыі". Касацыйная скарга ў Гарадзенскім абласным судзе станоўчых вынікаў для праваабаронцы таксама не прынесла. Знаходзячыся ў зьняволеньні ў Глыбоцкай калёніі, Іван Крук падаваў паперы на датэрміновае вызваленьне, але яму адмовілі на той падставе, што ў асабістых рэчах правабаронцы быў нечакана знойдзены кавалачак металёвага палатна. Зараз Іван Крук, які павінен выйсьці на волю 10 студзеня, занепакоены верагоднасьцю новых правакацый.