Адны запалохваюць, іншыя- нахвальваюць
Такія тэндэнцыі назіраюцца ў некаторых рэгіянальных дзяржаўных СМІ Віцебшчыны: некаторыя запалохваюць чытачоў магчымымі правакацыямі апазіцыі, а іншыя – распавядаюць пра дасягненні асобных прэтэндэнтаў у дэпутаты будучага парламента.
Газета "Лепельскі край" найбольш актыўна размяшчае матэрыялы пад рубрыкамі "Ад выбараў да выбараў", або "23 верасня – выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь". На гэтых выбарах па Лепельскай выбарчай акрузе збіраецца балатавацца старшыня мясцовага райвыканкаму Пётр Шыкшнян.
У "выбарчых" рубрыках Лепельскай "раёнкі" матэрыялы выразна падзяляюцца на дзьве катэгорыі: ці пра дасягненні раёну на чале з цяперашнім кіраўніком і патэнцыйнам кандыдатам у дэпутаты, ці пра "падрыўную" дзейнасць апазіцыйных структур. "Лепельскі край" ужо цытаваў і выказванні старшыні ЦВК Л.Ярмошынай пра тое, што "з боку апазіцый на выбарах будзе шмат правакацый", і словы дзеючага прэзідэнта А.Лукашэнкі наконт таго, што "апазіцыя выкарыстоўвае заезжаную пласцінку пра нелегітымнасць выбараў, каб апраўдаць свой заведамы пройгрыш".
Наваполацкая "Новая газета" вырашыла надрукаваць вытрыманае ў перадвыбарчым духу інтэрв’ю з патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты, вядомым спартоўцам Вадзімам Дзевятоўскім. У матэрыяле "Патрыёт Наваполацка" няма ніводнага слова пра будучыя выбары, але яго з'яўленне цяжка лічыць выпадковым. Для мясцовых выбараў створаны бездакорны вобраз "героя нашага часу" – вядомага спартоўца, які расказвае пра сваю кар'еру, добрага сем'яніна – мужа і бацькі, грамадскага дзеяча – старшыні гарадской арганізацыі РГА "Белая Русь", і нават "цімураўца" – калі газета паўтарае словы В.Дзевятоўскага пра тое, як у школьным узросце ён дапамог незнаёмай бабулі дацягнуць мех бульбы…
А вось дзеючы дэпутат парламенту Аляксандр Папкоў, які вырашыў стаць дэпутатам паўторна, вырашыў дапамагчы стварыць у райцэнтры Лёзна амаль што філіял мінскага батанічнага саду. Пра гэта піша мясцовая раённая газета "Сцяг перамогі". Гаворка ідзе пра азеляненне пляцоўкі каля сярэдняй школы №1, для якой "на просьбу А.Папкова пагадзіліся дапамагчы" супрацоўнікі Цэнтральнага батанічнага сада, Акадэміі навук, грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства аховы прыроды". Райцэнтр Лёзна ўваходзіць у Сенненскую выбарчую акругу №30, дзе ад калектыву Багушэўскага лясгасу А.Папкоў вылучаны кандыдатам у дэпутаты.
Дарэчы, каментарыі да гэтага артыкула на сайце лёзненскай "раёнкі" не надта ўхвальныя. "Словы, адны словы. Да справы пераходзіць трэба, а гаварыць прыгожа з году ў год усе могуць", -- напісаў адзін з чытачоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”