У Шклоўскай выбарчай акрузе з’явіўся чацверты прэтэндэнт у кандыдаты
Сёння дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў дэпутаты ў акруговую камісію Шклоўскай выбарчай акругі № 90 падала сябар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Зінаіда Мілешчанка. Па словах Зінаіды Мілешчанкі, яна была чацвёртым прэтэндэнтам у кандыдаты, які падаў дакументы на вылучэнне кандыдатам у акруговую камісію.
Жыхарка гарадскога пасёлка Круглае Зінаіда Мілешчанка вылучана кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на з’ездзе Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.
“Я прыехала ў Шклоў у дзевяць гадзін раніцы, аднак у камісіі мяне прынялі толькі пасля 10-00, распавядае Зінаіда Мілешчанка. – Сакратар камісіі паводзіла сябе ветліва, запытала некалькі ўдакладняючых пытанняў, пацікавілася, ці ёсць у мяне нейкая праграма дзейнасці, калі мяне выберуць дэпутатам. Я заўважыла, што з’яўляюся ўжо чацвёртым прэтэндэнтам у кандыдаты, які падаў дакументы на рэгістрацыю ў акруговую камісію. Добра запомніла, што ўжо здалі дакументы намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і намеснік старшыні КДК Аляксандр Агееў, прозвішча трэццяга вылучэнца, на жаль, не памятаю. Спадзяюся, што праблем з маёй рэгістрацыяй не ўзнікне”.
Верагодна, што ў акруговую камісію Шклоўскай выбарчай акругі № 90 падаў дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў дэпутаты вылучэнец ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. 8 жніўня адбыўся пазачарговы з’езд гэтай партыі, які вылучыў 107 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”