Старшыня камісіі Пружанскай акругі са спазненнем чытае пастановы Цэнтрвыбаркама
Назіральніку ў акруговай камісіі Пружанскай выбарчай акругі № 9 Анатолю Сахарушу патэлефанаваў старшыня камісіі і паведаміў, што яго зарэгістравалі назіральнікам гэтай камісіі памылкова. Патлумачыў старшыня гэта палажэннем Пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі № 20 ад 19 чэрвеня 2012 года, паводле якой група выбаршчыкаў можа накіраваць у камісію назіральніка, які пражывае на тэрыторыі выбарчай акругі.
Доўгатэрміновы назіральнік Сяржук Русецкагі на гэты конт адзначае, што прадстаўніку ад партыі не ставіцца абмежаванне па месцы пражывання. Ён знаходзіць тут падабенствы з сітуацыяй па абскарджванні неўключэння ў камісіі: калі ад працоўнага калектыва ці ад партыі са скаргай у суд можа звярнуцца адзін чалавек - кіраўнік, то пры абскарджванні адмовы асобе, накіраванай ад групы грамадзянаў, пад заявай у суд павінны падпісацца ўсе гэтыя грамадзяне.
Па словах Русецкага, усё гэта здаецца алагічным, як і вызначэнне саміх выбарчых акругаў у Бярозаўскім раёне. Анатоль Сахаруша жыве ў мястэчку Малеч Бярозаўскага раёна - у 22-х кіламетрах ад Пружанаў, але мястэчка Малеч чамусьці аднесена да Івацэвіцкай выбарчай акругі № 11, хоць да Івацэвічаў 55 кіламетраў. Назіральнік не разумее, якой логікай у дадзеным выпадку карыстаўся аўтар вызначэння акругаў на Брэстчыне - начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Каляда, які раней працаваў у ЦВК.
Такім чынам, назіральнік лічыць, што ўзнікла новая нагода для звароту ў Цэнтральную камісію.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”