Маладэчна: галоўнае месца для пікетаў пакуль пустуе
Нягледзячы на тое, што па Маладэчанскай выбарчай акрузе №72 ужо мусяць працаваць ініцыятыўныя групы двух прэтэндэнтаў у кандыдаты, гэта пакуль незаўважна. Шматлюдныя месцы, прыдатныя для пікетаў, да гэтага часу не выкарыстоўваліся і, па назіраннях, яшчэ мала хто з маладэчанцаў ведае верагодных кандыдатаў.
У ініцыятыўнай групе прадпрымальніка, былога сябра АГП Сяргея Балыкіна, працуюць 12 чалавек. Па словах аднаго з сябраў каманды, яны збіраюць подпісы абыходам кватэраў і ўсё ў іх ідзе па плане.
Подпісы за рэдактарку мясцовага радыё Галіну Лазоўскую збірае 60 чалавек. Але што адбываецца ў яе выбарчым штабе – даведацца немагчыма, бо спадарыня Лазоўская не хоча дзяліцца інфармацыяй з журналістамі незалежных выданняў.
Трэці з магчымых кандыдатаў – Ян Лагвіновіч, сябра Партыі БНФ – паведаміў, што зараз рыхтуе дакументы на вылучэнне і мабілізуе каманду.
Яшчэ адзін верагодны кандыдат па гэтай акрузе, старшыня райвыканкама Фёдар Дамаценка, пакуль ніякіх дзеянняў, акрамя выступаў на мясцовых прадпрыемствах, не прадпрымае.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"