Станіслаў Пачобут зноў за кратамі
Супрацоўнікі міліцыі забралі сёньня актывіста Саюза палякаў Беларусі Станіслава Пачобута са шпіталю і адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік Кастрычніцкага РАУС Горадні – адбываць да канца арышт, да якога ён быў прысуджаны 17 лістапада. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў брат актывіста Анджэй Пачобут. Станіслаў Пачобут гатовы працягнуць галадоўку пратэсту.
Станіслаў Пачобут чатыры дні знаходзіўся ў шпіталі, куды яго даставілі са спэцпрыёмніка Кастрычніцкага райаддзела міліцыі на абсьледваньне. У спэцпрыёмніку актывіст абвясьціў галадоўку пратэсту супраць несправядлівага пераследу.
Актывіста СПБ затрымалі 16 лістапада напярэдадні акцыі салідарнасьці, а наступным днём судзьдзя Зміцер Мацяюк у Ленінскім райсудзе Горадні арыштаваў яго нібы за “дробнае хуліганства”. Сьведкамі на судзе былі выключна міліцыянты.