Дазвол на пікет па-мазырску: па замкнёным коле
Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун, які 11 ліпеня звярнуўся ў Мазырскі райвыканкам і райсавет з заявай аб правядзеньні вулічнага шэсця ў цэнтры горада 4 жніўня, папярэдне паспрабаваў заключыць дамовы па аплаце неабходных паслуг пад час масавага мерапрыемства.
Згодна з рашэннем Мазырскага райвыканкама №1202 ад 15.09.2011 г. ён даслаў заявы на заключэнне дамоў па аплаце паслуг у Мазырскі РАУС – па ахове грамадскага парадку, у Цэнтральную паліклініку – па медычным абслугоўванні і ў “Райжылкамунгас” – па уборцы тэрыторыі. Да сваёй заявы У. Целяпун дадаў і праект дамовы.
Аднак кіраўнікі гэтых установаў і арганізацый не ведаюць, альбо не жадаюць заключаць з праваабаронцам адпаведнай дамовы, спасылючыся на адсутнасць рашэння Мазырскага райвыканкаму аб парадку аплаты гэтых расходаў, як гэта прадугледжана Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
Менавіта так адказаў Целяпуну начальнік Мазырскага РАУСа П. Зыкун: “у дакументах, прыкладзеных за заявы, адсутнічае рашэнне Мазырскага райвыканкама, згодна з якім вызначаецца парадак аплаты расходаў, звязаных з аховай грамадскага парадку”. А таму “… не маем права на зключэнне з вамі дамовы”.
У адказе з Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі ад 18 ліпеня праваабаронцу чакала іншая закавыка. Тут не адмаўляюць магчымасці аказаць паслугі фізічнай асобе на платнай аснове, аднак такія дамовы, як гэта вынікае з адказу, павінны заключацца па заяве грамадзян за 1 дзень да аказання паслугі, з папярэдняй перадаплатай. Чаму менавіта такі парадак – у адказе не патлумачана.
Уладзіміру Целяпуну ўдалося заключыць дамову толькі з Мазырскім райжылкамунгасам аб прыборцы тэрыторыі пасля масавага мерапрыемтсва. Аднак разлічыць суму аплату за паслугі тут ня могуць, паколькі няма дакладнага механізму разліку падобных паслуг.
Патрэбна дадаць, што 7 ліпеня, прадчуваючы падобныя адказы, У. Целяпун звярнуўся з заявай да старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, каб ён даў даручэнне абласному Упраўленню юстыцыі прывесці рашэньне Мазырскага райвыканкама №1202 на адпаведнасьць Закону “Аб масавых мерапрыемствах …” “з яснай, канкрэтнай, дакладнай працэдурай практычнай рэалізацыі і скарыстання правоў і законных інтарэсаў грамадзян, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь”. Аднак адказу пакуль не атрымаў.
Такім чынам грамадзяне Мазыра, якія маюць намер правесці масавае мерапрыемтсва дагэтуль ходзяць па замкнёным коле:дазвол на правядзенне масавага мерапрыемсва магчымы толькі пасьля заключэння адпаведных дамоў на аказанне паслуг па забеспячэнні грамадскага і санітарнага парадку. У сваю чаргу такія дамовы заключыць праблематычна, паколькі адсутнічае парадак аплаты паслуг.