Слуцк: Грамадскага актывіста будуць судзіць “за налепкі”
Грамадскага актывіста Віталя Амяльковіча выклікалі ў суд на паседжанне, якое адбудзецца 27 ліпеня. Пратакол адносна грамадскага актывіста складзены па артыкуле 21.14 ч.1 КаАП -- «парушэнне правілаў упарадкавання населеных пунктаў».
Нагадем, Віталь Амяльковіч быў затрыманы міліцыянтам ля ўласнага дома апоўначы 14 ліпеня. Супрацоўнік Слуцкага РАУС, які не прадставіўся, паведаміў, што бачыў, як Віталь расклейваў налепкі ля крамы. У аддзяленні міліцыі ўчастковы Руслан Варабей склаў на яго пратакол апытання з грубымі парушэннямі. У прыватнасці, не патлумачыў Амяльковічу яго правы.
Не былі патлумачаныя правы грамадскаму актывісту і 19 чэрвеня падчас азнаямлення з адміністрацыйным пратаколам. “Я дагэтуль не ведаю імя міліцыянта, які мяне затрымліваў”, - дадае суразмоўца.
На думку Амяльковіча, адміністрацыйная справа ў адносінах да яго шытая белымі ніткамі. “Як звычайна, перад выбарамі ўлады ўзмацняюць пераслед усіх грамадска-актыўных сілаў, выкарыстоўваючы для гэтага любыя сродкі”, - лічыць ён.