viasna on patreon

У Менску ня стала яшчэ двух помнікаў старасьвеччыны: зьнесеныя дамы №4 і №6 па вуліцы Рэвалюцыйнай, колішняй Койданаўскай

2006 2006-11-18T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта піша "НН".

Будынкі былі сярод найстарэйшых і найцікавейшых у старажытным цэнтры гораду. Іх узьвядзеньне пачалося на мяжы XVIII і XIX ст., а пасьля напалеонаўскае кампаніі яны набылі выгляд, што й ведамы быў нам яшчэ месяц таму. Камяніцы вызначаліся сьціплай вонкавай аздобаю ў стылі клясыцызму, прыгожымі брамамі-праездамі з сакавітымі крыжовымі скляпеньнямі й кранальнай несымэтрычнасьцю таўшчэзных сьценаў, кантрафорсаў. Але самай вялікай іх каштоўнасьцю былі мініятурныя брукаваныя дворыкі, у якіх расьлі вялізарныя дрэвы й ціша панавала проста нерэальная сярод тлумнай сталіцы. Двары апярэзвалі аркі й галерэі. У будынках захавалася выдатная старасьвецкая ляпніна і шыкоўныя кахляныя печы ХІХ ст. у духу нэабарока. Гэткіх гістарычных памешканьняў з ацалелай аўтэнтычнай аздобаю не было нідзе ў Менску.

У 1970-я ў будынках зьявіліся мастакоўскія майстэрні. Тут працавалі графік Халамаў, манумэнталіст Скіцёў і браты Кашкурэвічы. «Няма ў Менску больш знакавага месца, чым гэтае! Столькі тут адбылося! Столькі розных ініцыятываў пачалося! Мастацкіх, філязофскіх, навуковых, літаратурных...» – згадвае Тодар Кашкурэвіч.

Тут у 1988 г. быў зладжаны першы ў гісторыі беларускага мастацтва сапраўдны пэрформанс Ігара Кашкурэвіча й Людмілы Русавай. Ён прысьвячаўся 110-годзьдзю народзінаў Казімера Малевіча: …з труны паўстае Русава ды выкрочвае белаю папяроваю сьцяжынкаю, пакідаючы чорныя сьляды.

Навіна, што дамоў №4, 6, 6а па Рэвалюцыйнай ужо няма, выклікала зьдзіўленьне ва Ўпраўленьні аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры. «Няўжо там усё так разбурылі?» – уразілася намесьніца начальніка Ўпраўленьня Аксана Сматрэнка ў адказ на пытаньне карэспандэнта «НН». І паабяцала накіраваць на месца здарэньня інспэктара. «Канечне, там варта было замяніць старыя спарахнелыя бэлькі на новыя», – так адкамэнтавала яна стан разбураных будынкаў. А раскопкі? «Будуць праведзеныя разам зь землянымі работамі». Ня ведала спадарыня Сматрэнка і пра ўнікальныя кахляныя печы. Пра далейшае прызначэньне «зачышчанага» кутка старога гораду ёй, паводле яе словаў, таксама невядома.

Сьвятло праліў Анатоль Сапранькоў, начальнік аддзелу вытворчасьці КУП «Менская спадчына», якое займаецца рэканструкцыяй старога гораду: дамы адбудуюць у ранейшым выглядзе. Замоўца рэканструкцыі, паводле яго словаў, – дзяржава. Ці будуць у наноў збудаваных камяніцах адноўленыя нэабарочныя печы, іншыя дэталі аўтэнтычнай аздобы? Сп. Сапранькоў «не ўпаўнаважаны адказваць».

Не пашкадавалі нічога: ні пукатых старадаўніх скляпеньняў, што стаялі б яшчэ сто гадоў, ні мудрагелістых лябірынтаў лёхаў, сутарэньні якіх разьбягаліся пад брук вуліцаў.

Тлумачыцца такая рэканструкцыя «з нулявога ўзроўню» тым, што сёньня зруйнаваць і збудаваць наноў вонкава «старасьвецкую» камяніцу шмат прасьцей і таньней, чым яе рэстраўраваць. Іншая справа, што ўсярэдзіне такія навабуды не адрозьніш ад сучасных офісных памяшканьняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства