Рагачоў: першая заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы
Рагачоўскі актывіст Дзяніс Дашкевіч падаў заяўку на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Штаб патэнцыйнага кандыдата будзе ўключаць 17 чалавек.
– Ніякіх перашкодаў з боку сябраў камісіі пры падачы дакументаў Дашкевічам не было, – кажа доўгатэрміновы назіральнік па Рагачоўскай акрузе Яўген Ястрэмскі. – Адзінае, што актывісту забаранілі здымаць на фотакамеру прэзентацыю “Грамадзянскага дагавора”, які быў уручаны мясцовым чыноўнікам. У спісе патэнцыйных кандыдатаў Дашкевіч быў першым.
Нагадаем, раней “Праваабаронцы за свабодныя выбары” паведамлялі пра жаданне намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Надтачаева балатавацца па Рагачоўскай выбарчай акрузе.
Калі ініцыятыўную групу Дашкевіча зарэгіструюць, яна пачне працаваць ужо з 20 ліпеня. Асноўнымі мэтамі ўдзелу ў парламенцкіх выбарах прадстаўнік “Гавары праўду!” ставіць магчымасць дамагчыся празрыстасці мясцовых бюджэтаў, павялічыць паўнамоцтвы мясцовых дэпутатаў, а таксама замацаваць у заканадаўстве такую норму, як выбарнасць мэраў гарадоў.
"Праваабаронцы
за свабодныя выбары"