viasna on patreon

Міліцыя затрымала ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці ў Менску

2006 2006-11-17T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16 лістапада ў шэрагу гарадоў Беларусі і за межамі краіны адбыліся акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых. У Менску а 20-й гадзіне некалькі дзясяткаў актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху сабраліся ля будынку чыгуначнага вакзалу са сьвечкамі ў руках.

Актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху пачалі затрымліваць за тры гадзіны да правядзеньня акцыі. Празь некалькі хвілін пасьля пачатку акцыю разагналі супрацоўнікі міліцыі. Як паведаміла Радыё Свабода, запаленыя ўдзельнікамі акцыі сьвечкі засталіся пры гэтым на зямлі, і людзі яшчэ доўгі час бачылі іх – пакуль міліцыянты ня выклікалі спэцназаўцаў, якія пачалі гасіць сьвечкі нагамі.

Байцы спэцназу затрымалі некаторых удзельнікаў акцыі, а таксама чацьвярых фотакарэспандэнтаў, якія прысутнічалі на акцыі. Сярод затрыманых - Зьміцер Хведарук, Сержук Гумілін, Надзея Клімовіч, Крысьціна Шацікава і Вольга Жураўлёва.

Усіх затрыманых завялі ў дзяжурную частку лінейнага аддзелу міліцыі на чыгуначным вакзале. Маладафронтаўцам патлумачылі, што іх будуць трымаць у дзяжурнай частцы міліцыі, каб высьветліць іхныя асобы.

У міліцыі Першамайскага раёну ўсіх затрыманых зьнялі на відэа. Крысьціна Шацікава патрабавала, каб міліцыянты не здымалі нікога без дазволу, але міліцыянты не рэагавалі. Крысьціна паведаміла Радыё Свабода, што падасьць скаргу на міліцыянтаў у пракуратуру.

Пасьля праверкі дакумэнтаў журналістаў адпусьцілі. Праз тры гадзіны адпусьцілі і ўдзельнікаў акцыі.

Акцыі салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых прайшлі ў некалькіх эўрапейскіх краінах – Польшчы, Літве, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Украіне. У Эстоніі на галоўную плошчу горада Тарту выйшлі некалькі дзесяткаў студэнтаў з розных краінаў сьвету. Яны трымалі партрэты зьніклых і палітвязьняў. Акцыю трансьлявалі па тэлебачаньні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства