Барысаў: У новыя акруговыя камісіі - старым складам
У акруговыя камісіі Барысаўскай гарадской выбарчай акругі № 62 і Барысаўскай сельскай выбарчай акругі № 63 ўвайшлі людзі, якія амаль у поўным складзе працавалі ў тэрытарыяльнай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.
Так, у складзе акруговай камісіі Барысаўскай гарадской выбарчай акругі № 62 дзевяць з трынаццаці сябраў уваходзілі ў склад Барысаўскай тэрытарыяльнай камісіі па выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе. У новай камісіі застаўся Васіль Бараннік, які у 2010-ым быў старшынёй тэрытарыяльнай раённай камісіі. У спісе акружкама Барысава з «старога складу» можна бачыць пенсіянерку Святлану Аўгусціновіч, якую зараз вылучыла Беларуская арганізацыя ветэранаў, дырэктара гарадской цэнтральнай бібліятэкі Галіну Слесарэнка, вылучаную грамадзянамі шляхам збору подпісаў (у мінулы раз яе вылучаў Беларускі Рэспубліканскі Савет жанчын). Школьнага бібліятэкара Таццяну Стасаву, якая з роляй сакратара гарадской і раённай камісій не растаецца з 2000-га года, на гэты раз вылучыў Беларускі фонд міру. Зрэшты, чацвёра «навічкоў» усё ж прысутнічаюць: імі сталі Вольга Буфцяк з юрыдычнага аддзела Барысаўскага райвыканкама, вылучаная РГА “Белая Русь”, другі сакратар Барысаўскага райкама БРСМ Ніна Глінская, галоўны спецыяліст аддзела культуры Барысаўскага райвыканкама Ганна Жарыкава (вылучалася ГА «Беларускі Чырвоны Крыж» і начальнік зямельнабудаўнічай службы Барысаўскага райвыканкама Павел Цырлін (вылучаўся грамадзянамі шляхам збору подпісаў).
Цікава, што ў акруговай камісіі Барысаўскай сельскай выбарчай акругі будуць працаваць яшчэ трое з камісіі двухгадовай даўніны: ідэолаг раённага аддзела адукацыі Інэса Арыніч (вылучаная РГА "Белая Русь"), вядучы юрысконсульт СААТ «БЕЛДЖИ», які раней працаваў начальнікам юрыдычнага аддзела Барысаўскага райвыканкама Яўген Гаўрыльчык ( вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў) і былы работнік аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама, цяпер сакратар пяршоўкі БРСМ Барысаўскага дзяржаўнага каледжа (вылучаны ГА БРСМ).
Нагадаем, Алег Мацкевіч і Рэгіна Вільтоўская, якія вылучаліся ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, у акруговыя камісіі Барысаўшчыны не ўвайшлі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"