На Астравеччыне не зарэгістравалі ініцыятыўную групу сябра АГП Мікалая Уласевіча
Акруговая выбарчая камісія Астравецкай выбарчай акругі №47 па выбарах дэпутатаў у Гарадзенскі абласны савет не зарэгістравала ініцыятыўную групу грамадзка-палітычнага актывіста, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Патрыі Мікалая Уласевіча, які пражывае ў мястэчку Варняны.
Фармальнай падставай для нерэгістрацыі стала нібыта парушэньне артыкулу 5 Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. У афіцыйным лісьце, які атрымаў Мікалай Уласевіч, сказана: “поступило заявление о включении гражданина в список инициативной группы без его согласия, что является нарушением принципа свободного участия в выборах”. Хто з васьмі сябраў ініцыятыўнай групы Мікалая Уласевіча падаў такую заяву, у пастанове камісіі, старшынём якой ёсць Т. Субаткевіч, не паведамляецца.
Цяпер разам з калегамі па партыі Мікалай Уласевіч намераны абскарджваць пастанову камісіі і дамагацца рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы.