Удзельнікі 9-га Мінскага форума накіравалі зварот у Міністэрства сувязі і Міністэрства інфармацыі
Да кіраўніцтва Міністэрства сувязі і Міністэрства інфармацыі быў накіраваны зварот ўдзельнікаў 9-га Мінскага форума, паведаміла прэс-служба БАЖ.
У сваім лісьце, падпісаным 11 лістапада падчас работы апошняга дня форуму, яны заклікалі міністраў садзейнічаць узнаўленьню супрацоўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў “Белпошта” і “Саюздрук” (падведамных гэтым міністэрствам) з недзяржаўнымі грамадзка-палітычнымі газэтамі.
Гаворка ідзе пра рэспубліканскія і рэгіянальныя незалежныя выданьні, зь якімі 'Саюздрук' скасаваў у аднабаковым парадку дамовы на распаўсюд праз сваю гандлёвую сетку, а “Белпошта” не ўключае ў падпісныя каталёгі і такім чынам адмаўляецца распаўсюджваць гэтыя газэты шляхам паштовай дастаўкі.
Прапанова дапамагчы незалежнай прэсе адстаяць свае правы на распаўсюджаньне прагучала ад дэпутата Вольгі Абрамавай і некаторых журналістаў - удзельнікаў форуму.
“Свае подпісы пад зваротам паставілі 34 удзельнікі беларуска-нямецкага форуму”, - паведаміла прэс-службе БАЖ дэпутат Вольга Абрамава. - Я агучыла прапанову зьвярнуцца да міністраў раніцай гэтага дня, збор подпісаў працягваўся дзесьці тры гадзіны. І потым перад падвядзеньнем вынікаў старшыня Райнер Лінднер яшчэ раз нагадаў удзельнікам аб тым, што яны могуць далучыцца і падпісаць гэты ліст. Па маіх назіраньнях, падпісалася прыкладна трэцяя частка ўдзельнікаў гэтага дня форуму.”
Нагадаем, на працягу апошніх гадоў дзяржаўныя прадпрыемствы-манапалісты “Белпошта” і “Белсаюздрук” скасавалі дамовы і адмаўляюцца супрацоўнічаць з большасцю недзяржаўных друкаваных выданьняў грамадзка-палітычнага характару.
На патрабаваньні рэдакцый і чытачоў уключыць газэту ў падпісны каталёг кіраўніцтва “Белпошты” спасылаецца на тое, што “заканадаўствам не прадугледжаны абавязак па ўключэньні друкаванага выданьня ў каталёг”, і таму “выбар друкаваных выданьняў для фармаваньня каталёгу з мэтай наступнага іх распаўсюджаньня праз падпіску з’яўляецца правам РУП “Белпошта”.
“Саюздрук” ў сваіх адказах звычайна матывуе адмову супрацоўнічаць з недзяржаўнымі газэтамі эканамічнай немэтазгоднасьцю.