viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2012 году

2012 2012-07-08T12:55:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падзеі чэрвеня яскрава прадэманстравалі, што пытанне правоў чалавека разглядаецца беларускімі ўладамі выключна ў палітычнай плоскасці ўзаемадачыненняў з Еўрасаюзам і іншымі краінамі Еўропы. У цэнтры ўвагі гэтых узаемадачыненняў па-ранейшаму заставалася праблема палітычных зняволеных. Сыходзячы з поўнай адсутнасці палітычнай волі да вызвалення палітвязняў з боку беларускіх уладаў, ЕС  агучыў магчымасць пашэрэння спісу афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі. Пра гэта заявіў 18 чэрвеня ў Брусэлі дырэктар дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешнепалітычнай дзейнасці Гунар Віганд. Адным з прэтэндэнтаў на папаўненне гэтага спісу быў названы кіраўнік СП ТАА «Санта-Імпекс Брэст» Аляксандр Машэнскі, «які адыграў важную ролю ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і лічыцца трэцім уплывовым алігархам пасля Пефціева і Чыжа». Рэакцыя беларускіх уладаў на гэтую заяву была імгненнай: 21 чэрвеня быў арыштаваны гарадзенскі журналіст і актывіст польскай меньшасці  Андрэй Пачобут па абвінавачанні ў абразе прэзідэнта, і спіс палітычных вязняў папоўніўся яшчэ адным прозвішчам. Не жадаючы развіцця далейшай канфрантацыі, ЕС устрымаўся ад разгляду беларускага пытання на паседжанні міністраў замежных справаў краін ЕС 25 чэрвеня ў Люксембургу. 30 чэрвеня  Андрэй Пачобут быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе, хаця абвінавачанне яму было прад’яўлена.
Варта дадаць, што беларускія ўлады вельмі балюча адрэагавалі на далучэнне 8 чэрвеня да эканамічных і візавых санкцый сямі краінаў Еўропы — Харватыі, Македоніі, Чарнагорыі, Ісландыі, Сербіі, Албаніі і Ліхтэнштэйна.

Не апраўдаліся надзеі на тое, што амністыя, абвяшчэнне якой планавалася да афіцыйнага Дня Незалежнасці 3 ліпеня, можа стаць прававым механізмам для вызвалення палітвязняў. 12 чэрвеня на нарадзе па пытанні амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы, А. Лукашэнка заяўвіў, што “ніякай палітыкі пры правяденні амністыі быць не павінна”:  «Усё павінна быць сумленна. Для гэтага трэба вызначыць крытэры. Згодна з гэтым крытэрам мы і павінны дзейнічаць: хтосьці трапіць пад амністыю па гэтых крытэрыях або для яго тэрмін адбывання пакарання павінен быць скарочаны. І „нацягваць“ туды людзей, якія не павінны выходзіць, у тым ліку па нейкіх палітычных матывах, ні ў якім разе нельга».
Разам з тым, законапраект аб амністыі, які 15 чэрвеня паступіў у парламент, аказаўся цалкам палітызаваным і выклікаў рэзкую крытыку праваабаронцаў. У параўнанні з аналагічнымі законамі папярэдніх гадоў, у пералік артыкулаў, на якія не распаўсюджваецца амністыя, былі ўключаны 342 КК РБ (“арганізацыя і падрыхтоўка групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”) – па ім былі асуджаны 10 чалавек па падзеях 19-га снежня 2010 году, сярод якіх Павел Севярынец, які адбывае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, і яшчэ восем чалавек – пакараныя ўмоўна альбо з адтэрміноўкай прысуду; 293 («масавыя беспарадкі») – па абвінавчанні ў здзяйсненні дадзенага злачынства адбывае пакаранне экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч; 367 (“паклёп на прэзідэнта”) – па ім быў асуджаны журналіст Андрэй Пачобут, які адбывае пакаранне з адтэрміноўкай. Згодна з законапраектам, амністыя таксама не можа распаўсюджвацца на зняволеных, адносна якіх устаноўлены статус злосных парушальнікаў рэжыму адбыцця пакарання, а дадзены статус прысвоены большасці палітвязняў, у тым ліку – кіраўніку Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму.

Значнай падзеяй, накіраванай на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, стаў разгляд беларускага пытання Саветам па правах чалавека ААН 27 чэрвеня ў Жэневе, падчас якога была прапанавана рэзалюцыя, распрацаваная місіяй Еўрасаюза ў ААН. Праект рэзалюцыі ўтрымлівае рэкамендацыю беларускім уладам выконваць правы чалавека, вызваліць палітзняволеных, увесці мараторый на смяротнае пакаранне і паўнацэнна супрацоўнічаць з усімі механізмамі ААН, а таксама ўвядзенне мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі. Падчас дыскусіі пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў заявіў пра намер “узяць пад увагу” меркаванні, выказаныя ў Савеце па правах чалавека ААН, разам з тым падкрэсліўшы, што «не застаецца сумненняў адносна таго, што Еўрасаюз спрабуе навязаць Вярхоўнаму камісару і Савету свае патрабаванні па Беларусі». «Беларусі не патрэбен спецдакладчык, — заявіў Міхаіл Хвастоў. — Беларусь просіць Савет прагаласаваць супраць гэтай ідэі. Са скасаваннем мандата спецдакладчыка па Беларусі ў 2007 годзе наша краіна стала дынамічна развіваць адносіны з дагаворнымі органамі ААН, Саветам і яго тэматычнымі мандатамі, працэдурай Універсальнага перыядычнага агляду. Мы прыклалі шмат намаганняў, каб пераадолець дэструктыўныя наступствы працы спецдакладчыка і пабудаваць канструктыўныя адносіны з праваабарончымі механізмамі ААН». У сваю чаргу Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наві Пілэй, якая напярэдадні прэзентавала даклад, што крытыкуе сітуацыю ў Беларусі, падкрэсліла: «Я ўжо адзначала, што ўрад Беларусі запрашаў спецдакладчыкаў па культурных, сацыяльных, эканамічных працэдурах, але не адрэагаваў на просьбы спецдакладчыкаў па праваабарончых і іншых пытаннях».
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заклікала ўрад Беларусі «зрабіць усё магчымае для таго, каб маючыя адбыцца парламенцкія выбары адпавядалі міжнародным нормам і стандартам».
Што датычыць электаральнай кампаніі, прынцыпова важнай акалічнасцю, якая вызначае грамадскую атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія прызначаны на 23 верасня, з’яўляецца наяўнасць палітвязняў -- на момант абвяшчэння выбараў Праваабрончы цэнтр “Вясна” прызнае наяўнасць у Беларусі чатырнаццаці палітычных вязняў. Пры гэтым не выключана, што існуючая эканамічная і міжнародная абстаноўка дазволіць беларускім уладам і далей заставацца ў сітуацыі канфлікту з Еўрасаюзам, гандлюючыся за больш істотныя саступкі. Гэта азначае, што частка вязняў сумлення, верагодна, яшчэ пэўны час будзе знаходзіцца ў зняволенні, і гэта можа стацца прычынай сыходу часткі апазіцыйных кандыдатаў з выбарчай гонкі.

Палітычныя зняволеныя, палітычна матываваны крымінальны пераслед

Пытанне палітычных зняволеных абвастрылася арыштам 21 чэрвеня ў г. Гродна карэспандэнта польскай газеты Gazeta Wyborcza Андрэя Пачобута на падставе крымінальнай справы па ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэта), узбуджанай Следчым камітэтам па Гродненскай вобласці згодна з матэрыяламі праверкі, праведзенай абласным упраўленнем КДБ. Па выніках праверкі ўпраўленне КДБ зрабіла выснову, што ў шэрагу публікацый Андрэя Пачобута на некаторых інтэрнет-рэсурсах утрымліваюцца “паклёпніцкія выказванні адносна А. Лукашэнкі”. У адпаведнасці з санкцыяй часткі 2 артыкула 367 КК, Андрэю Пачобуту пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Андрэй Пачобут адбывае пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады згодна з прысудам, вынесеным 5 ліпеня 2011 года судом Ленінскага раёна Гродна за паклёп у адносінах да прэзідэнта (частка 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэкса). Пераслед Андрэя Пачобута расцэньваецца як расправа над журналістам за ягоную прафесійную дзейнасць, а таксама дэманстратыўную пагрозу для ўсёй журналісцкай супольнасці напярэдадні правядзення парламенцкіх выбараў. 30 чэрвеня пасля прад’яўлення абвінавачання Анррэй Пачобут быў вызвалены са следчага ізалятару пад падпіску аб нявыездзе.

8 чэрвеня з ліста праваабаронцы Алеся Бяляцкага стала вядома, што старшыня Мінскага гарадскога суда адмовіў у задавальненні ягонай нагляднай скаргі, пададзенай на прысуд Першамайскага раёну Мінска і вызначэнне калегіі Мінскага гарадскога суда. На праваабаронцу ўзмацніўся ціск з боку адміністрацыі калоніі, ён атрымаў тры спагнанні і ў выніку быў прызнаны злосным парушальнікам рэжыму адбыцця пакарання. Алесь Бяляцкі не прыняў на сябе пісьмовых абавязальніцтваў выправіцца, г.зн. прызнаць сваю віну, не бярэ ўдзелу ў самадзейным аб’яднанні (СА), мае матэрыяльныя запазычанасці (29 сакавіка суд Першамайскага раёна Мінска па грамадзянскім зыску падаткавай інспекцыі Першамайскага раёна вырашыў спагнаць дадаткова са зняволенага праваабаронцы больш за 140 мільёнаў рублёў пені – за несвоечасовую ўплату сумы запазычанасці. Гэтыя абставіны паўплывалі на абмежаванне ў спатканні з жонкай (адныя суткі замест трох), на змяншэнне аб’ёму прадуктовай перадачы з 30 да 15 кг., адменены дадатковыя 5 кг гародніны і садавіны на летні перыяд.
27 чэрвеня Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу, пададзеную ад імя Алеся Бяляцкага ягонай жонкай Наталляй Пінчук і Антуанам Бернарам, Генеральным дырэктарам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH). У звароце абскарджваюцца: неправамерныя абмежаванні  права на свабоду асацыяцыі: адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб'яднання "Вясна" ў 2007 і 2009 гадах, афіцыйнае папярэджанне, вынесенае А. Бяляцкаму Генеральнай пракуратурай за ажыццяўленне ім дзейнасці ад імя незарэгістраванага грамадскага аб'яднання ў 2011 годзе, а таксама прымяненне крымінальнай адказнасці па абвінавачванні ў нясплаце падаткаў са сродкаў, атрыманых і выдаткаваных для легітымных мэтаў дзейнасці Праваабарончага цэнтру "Вясна"; парушэнні права на справядлівае судовае разбіральніцтва;
парушэнне права на свабоду і асабістую недатыкальнасць пры ўжыванні і прадаўжэнні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў ходзе вытворчасці папярэдняга расследавання і разгляду крымінальнай справы па абвінавачванні А. Бяляцкага ў судзе.

18 чэрвеня віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі  БНФ Сяргей Каваленка, пакараны з парушэнне рэжыму адбывання "хатняй хіміі", які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19, быў змешчаны ў штрафны ізалятар нібыта за канфлікт з іншым зняволеным. Палітвязень знаходзіцца ў адмысовых строгіх умовах утрымання: адміністрацыя персанальна правярае ягоную тумбачку, за ім усталяваны персанальны нагляд, яго не пускаюць на спортпляцоўку. Яму залічаны два парушэнні.

27 чэрвеня, экс-кандыдат у прэзідэнты, палітвязень Мікалай Статкевіч змешчаны ў штрафны ізалятар Магілёўскай турмы №4 на 10 сутак. Гэта хутчэй за ўсё звязана з рэакцыяй палітвязня на правакацыяю супраць яго, калі ў камеру да экс-кандыдата падсаджвалі ВІЧ-інфікаванага, які двойчы рэзаў сабе вены. Стала таксама вядома аб спробах прызнаць Мікалая Статкевіча схільным да суіцыду. Раней экс-кандыдат быў прызнаны «злосным парушальнікам парадку адбыцця пакарання», «схільным да нападу» і «да ўцёкаў».

Пераслед праваабаронцаў

11 чэрвеня намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч атрымаў адмоўны адказ з Мінскага гарадскога суда на сваё патрабаванне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці суддзі Алены Сямак, якая праігнаравала тэрміны разгляду ягонай скаргі, устаноўленыя ГПК Рэспублікі Беларусь, на незаконнасць унясення яго ў спіс невыязных. У адказе Валянціну Стэфановічу старшыня суда Уладзімір Пуцыла называе прычыну, па якой справа праваабаронцы не прызначана да разгляду ва ўстаноўленыя законам тэрміны – “загружанасць суддзі”, таму “падставаў для прыцягнення суддзі суда Цэнтральнага раёна Мінска Сямак А.М. па ўказаных у скарзе довадах у цяперашні час не ўстаноўлена”. Скаргу Валянціна Стэфановіча на дзеянні Міністэрства абароны па незаконным абмежаванні права на выезд за межы Рэспублікі Беларусь суддзя Алена Сямак павінна была разгдедзець не пазней за 26 красавіка. 26 чэрвеня праваабаронца патэлефанаваў у канцылярыю суду Цэнтральнага раёна, каб даведацца, ці вызвалілася суддзя Алена Сямак. У адказ пачуў, што суддзя Сямак, разам з сакратаркай, знаходзіцца ў адпачынку да 13  ліпеня.
Валянцін Стэфановіч таксама атрымаў адказ са Следчага камітэта, куды ён накіраваў заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы, бо мае падазрэнні наконт наўмысных злачынных дзеянняў, скіраваных на незаконнае абмежаванне ягоных канстытуцыйных правоў, не выключаючы службовага падлогу, які выражаецца ў незаконным унясенні ягоных звестак у банк дадзеных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якім часова абмежавана права выезду. Начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян галоўнага ўпраўлення арганізацыі і забяспячэння расследавання злачынстваў Мікалай Данілюк, за чыім подпісам прыйшоў адказ, лічыць, што дадзеная справа знаходзіцца не ў кампетэнцыі Следчага камітэта.

21 чэрвеня дырэктара ІАУ «Платформа» Андрэя Бандарэнку выклікалі ў пракуратуру г.Мінска, дзе яму было вынесена папярэджанне за нібыта дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Падставай для папярэджання паслужыў зварот ІАУ «Платформа» ў Міжнародную федэрацыю хакею з заклікам не праводзіць Чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 г. на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі не будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя і не спыняцца рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці. Пракуратура ўбачыла ў звароце «загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным і сацыяльным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь або яе органы».

22 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Мінску скончыўся разгляд скагі праваабаронцы Гары Паганяйлы да МУС і Мінюсту. Начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун агучыў выбачэнні ад імя МУС за памылковае ўнясенне праваабаронцы ў спіс невыязных і даставіў у суд даведку пра тое, што Гары Паганяйла выключаны з базы дадзеных асобаў, якім абмежаванае права на выезд. Нягледзячы на тое, што дзеянні МУС фактычна прызнаныя незаконнымі, суд прызнаў скаргу праваабаронцы неабгрунтаванай і адмовіў у прыцягненні да крымінальнай адказнасці службовых асобаў, якія ўключылі яго ў спіс невыязных і тым самым абмежавалі ягоныя канстытуцыйныя правы.

Палітычна матываваны прызыў у войска, незабеспячэнне права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу

8 чэрвеня ў судзе Лідскага раёна адбылося судовае паседжанне пад старшынствам суддзі Ярмаковіч, на якім разглядалася скарга Андрэя Чарнавусава, які дабіваецца магчымасці праходжання альтэрнатыўнай грамадзянскай службы ў войску, на рашэнне прызыўной камісіі. Інтарэсы прызыўной камісіі прадстаўлялі адразу 3 члены камісіі, у тым ліку старшыня. Пасяджэнне доўжылася каля 1,5 гадзін у ходзе якога асаблівы акцэнт рабіўся на перакананнях маладога чалавека. У рэшце рэшт суд не задаволіў скаргу Андрэя, спасылаючыся на адсутнасць механізму праходжання альтэрнатыўнай службы. Андрэй Чарнавус збіраецца абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе Гродзенскай вобласці.

14 чэрвеня ў судзе Нясвіжскага р-на адбылося судовае паседжанне па скарзе актывіста "Маладога фронту" Міхаіла Мускага, які гвалтоўна быў адпраўлены ў войска непасрэдна з ізалятару часовага ўтрымання і служыць на Лепельшчыне, на дзеянні Нясвіжскай прызыўной камісіі. Пры гэтым, заява актывіста на альтэрнатыўную грамадзянскую службу была праігнараваная. Першае судовае паседжанне адбылося 1 чэрвеня, але паколькі не была забяспечана прысутнасць самога Мускага, суддзя Марына Дунаева пастанавіла выклікаць на наступнае паседжанне самога заяўніка. Міхаіла Мускага ў ліку іншых актывістаў "Маладога фронту" затрымалі 26 красавіка пасля заканчэння акцыі "Чарнобыльскі шлях — 2012". На наступны дзень ён быў прызнаны судом Савецкага раёна вінаватым у дробным хуліганстве і прыгавораны да 15 сутак арышту. Актывіст павінен быў выйсці на волю 11 мая, аднак суд Маскоўскага раёна прыгаварыў яго яшчэ да пяці сутак арышту, падчас адбыцця якіх быў гвалтоўна накіраваны ў войска. У выніку судовага разгляду суддзя адмовіла Міхаілу Мускаму з задавальненні ягонай скаргі на незаконны прызыў у войска. Палітжаўнер, які 16 чэрвеня павінен прыняць вайсковую прысягу, заявіў, што ў знак пратэсту супраць незаконнага прызыву гэтага рабіць не будзе.

Нягледзячы на тое, што права грамадзян на праходжанне альтэрнатыўнай грамадзянскай службы гарантавана Канстытуцый Рэспублікі Беларусь, аднак закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе дагэтуль не прыняты.

Выкарыстанне катаванняў і жорсткага абыходжання

5 чэрвеня старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Палаты прадстаўнікоў М. Л. Самасейка паведаміў салігорскім грамадскім актывістам, што ў беларускім заканадаўстве з'явіцца вызначэнне паняцця "катаванне".  Гэта стала адказам на зварот некалькіх салігорцаў аб увядзенні ў беларускае крымінальнае заканадаўства паняцця “катаванне” і адказнасці за гэтае злачынства. Таксама ад дэпутатаў патрабавалі пачаць распрацоўку Закону супраць катаванняў.

14 чэрвеня старшыня праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак накіраваў спецдакладчыку ААН па катаваннях просьбу аб наведванні Цэнтру ізаляцыі праваапарушальнікаў Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, дзе зняволеныя знаходзяцца ў жудасных, бесчалавечных умовах. Праваабаронца (які сам адбываў двойчы за апошнія паўгады арышты ў гэтым ЦІП) просіць спецдакладчыка ААН па катаваннях запатрабаваць ад Беларусі прывесці ўмовы ўтрымання ў гэтай турме ў адпаведнасці з мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН абыходжання са зняволенымі.

18 чэрвеня Інфармацыйна-асветніцкая установа «Платформа» прэзентавала ў Мінску Маніторынгавую справаздачу пра праблемы ў галіне ўмоваў утрымання зняволеных у пенітэнцыярных установах Рэспублікі Беларусь 2011-2012 гг. Як паведаміў кіраўнік «Платформы» Андрэй Бандарэнка, падставай для гэтага сталі выпадкі паступлення інфармацыі аб фактах парушэння законных правоў зняволеных, якія пачасціліся, і ігнараванне нагляднымі органамі скаргаў на парушэнні адміністрацыямі папраўчых калоній і СІЗА дзеючага заканадаўства: «У мінулым годзе мы паведамлялі пра факты жорсткага абыходжання і збівання зняволеных як мінімум у дзвюх калоніях - у Івацэвічах і Глыбокім. Там вязні збіваліся настолькі жорстка, што іх былі вымушаныя адправіць у грамадзянскія бальніцы на аперацыі. Тым не менш, на ўсе нашыя звароты з гэтай нагоды пракуратура адказала, што праведзеная праверка такіх фактаў не ўстанавіла. Разам з тым, зняволеныя, якія выходзяць з калоніі, пацвердзілі наяўнасць гэтых збіванняў, а таксама тое, што яны распавядалі правяраючым пра гэтыя факты».

28 чэрвеня маці затрыманага 30 траўня ў Мінску па падазрэнні ў крадзяжы Паўла Плаксы паведаміла пра факты выкарыстання ў адносінах да яе сына катаванняў і жорсткага абыходжання. На працягу 3 дзён супрацоўнікі Ленінскага РУУС сталіцы сістэматычна і жорстка збівалі затрыманага, прымушаючы прызнацца ў крадзяжы: білі рукамі і нагамі, прыгалі ў яго на спіне, неаднаразова рабілі «ластаўку» (сціскалі кайданкамі рукі за спінай, а ногі прасоўвалі пад рукі і звязвалі іх дротам), ляжачага збівалі дубінкамі. Калі стамляліся біць – апраналі на галаву цэлафанавы пакет і перакрывалі паветра. Пабоі змяняліся псіхалагічным ціскам: супрацоўнікі міліцыі пагражалі затрымаць таксама і ягоную грамадзянскую жонку, а двухмесячнае дзіця змясціць ў бальніцу. Зверствы “праваахоўнікаў”спыняліся толькі на час прыходу следчых альбо адвакатаў. Наколькі па-варварску катавалі Паўла міліцыянты, сведчаць штодзённыя выклікі брыгады дактароў “хуткай дапамогі”:  31 траўня, 1 і 2 чэрвеня. Урэшце медыкі, пасля правядзення медагляду адвезлі збітага Паўла ў 5 гарадскую клінічную бальніцу. Калі сляды катаванняў схаваць стала немагчыма, паколькі падазраваны не мог удзельнічаць у следчых дзеяннях, 5 чэрвеня была праведзеная судова-медыцынская экспертыза. Неабгрунтаванае  прымяненне фізічнай сілы і жорсткія катаванні з боку супрацоўнікаў міліцыі маці і бацька Паўла Плаксы абскарджваюць у самых розных інстанцыях. Яны паведамілі аб катаваннях ў пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, у Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУСа, у Пракуратуру Ленінскага раёна. Пракуратура перадаслала скаргу бацькоў у Следчы камітэт Ленінскага раёна. Следчы І. Мукасей адпісаў бацькам, што “заява з нагоды незаконных дзеянняў супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Мінска у дачыненні да вашага сына П. Плаксы, далучана да матэрыялаў праверкі ад 8 чэрвеня. Пра вынікі праверкі вам будзе паведамлена дадаткова”.

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

5 чэрвеня актывістка кампаніі "Наш дом" Таццяна Якаўлева, якая накіроўвалася ў пасёлак Коханава, дзе ў гэты дзень планаваліся дзіцячыя спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і краязнаўчы паход, была затрыманая на аршанскім аўтавакзале. Прычынай затрымання супрацоўнікі міліцыі назвалі падазрэнне ў перавозцы трацілу. У Аршанскім ГАУС, куды даставілі затрыманую, быў праведзены яе асабісты дагляд . У выніку высветлілася, што актывістка везла 29 маек з лагатыпам "Наш Дом", а таксама некалькі флікераў, трацілу не аказалася. Праз тры гадзіны затрыманую прыйшлося адпусціць.

1 чэрвеня ў Гародні, у дзень адкрыцця фестывалю нацыянальных культур, міліцыя затрымала 21 чалавека – удзельнікаў пікету ў абарону польскамоўнага навучання ў сярэдняй школе №36. На большасць затрыманых склалі пратаколы пра адміністрацыйныя правапарушэнні. У гэты ж дзень Ігара Банцара адвезлі ў суд, дзе суддзя Ксенія Стасюкевіч асудзіла да 13 сутак адміністрацыйнага арышту (верагодна, актывіста асудзілі адразу з той мэтай, каб пасадзіць у вязніцу і схаваць сляды збіцця на твары). Суды над іншымі затрыманымі працягнуліся пазней. 6 чэрвеня журналістку Гражыну Шалкевіч суддзя Наталля Козел аштрафавала на 50 базавых велічынь за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Яшчэ адну журналістку Юлію Каляду аштрафавалі на 25 базавых велічынь, пенсіянерку Генрыку Стрэмалкоўскую – на 17 велічынь, Станіславу Цівунчык – на 20, Ірэну Міклаш – на 15. Асудзілі да штрафу і выпадковага мінака Пятра Табалу (23 базавыя велічыні), які праходзячы міма, заступіўся за жанчыну ў час гвалтоўнага “хапуну”. 7 чэрвеня суддзя Ленінскага раённага суду Наталля Козел вынесла штраф ў памеры 45 базавых велічынь Эдварду Дмухоўскаму.

21 чэрвеня ў Мінску былі затрыманы актывісты кампаніі "Гавары праўду!" Аляксандр Арцыбашаў і Павел Вінаградаў. А.Арцыбашава затрымалі каля 13-00 ў раёне вуліцы Няміга, перад пачаткам чарговага палітычнага флэш-мобу «Мы прыйшлі, каб нас зноў пасадзілі» з удзелам плюшавых цацак. Паўла Вінаградава каля дзесяці вечара забралі з ягонай кватэры. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС Мінска, пры гэтым не патлумачыўшы прычыну затрымання. П. Вінаградава адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. 22 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска былі разгледжаныя адміністрацыйныя справы актывістаў па абвінавачанні ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП РБ). Суддзя Вераніка Ткачова вынесла пастанову аб арышце А. Арцыбашава на 15 сутак. Павел Вінаградаў асуджаны рашэннем суддзі Максіма Церашкова таксама на 15 сутак арышту.

26 чэрвеня ў другой палове дня актывіста Івана Амельчанку супрацоўнікі міліцыі затрымалі дома ў Мінску, а 27 чэрвеня суд пакараў адміністратыўным арыштам на 15 сутак за брыдкаслоўе. Гэты арышт стаў працягам бязлітаснай помсты актывісту за ягоны перфоманс 26 красавіка, калі ён падчас Чарнобыльскага шляху ў сталіцы стаў каля пераапранутага аператыўніка з з самаробным плакатам “Мусарок”. 15 траўня Іван Амельчанка вырашыў самастойна прыйсці ў міліцыю, паколькі яго цягам апошніх тыдняў пастаянна спрабавалі выклікаць праз бацькоў для дачы тлумачэнняў па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. У аддзяленні міліцыі на Івана склалі пратакол па абвінавачанні ў дробным хуліганстве, і ў выніку суд пакараў яго арыштам на 15 сутак. 30 траўня Іван Амельчанка меўся выйсці з ЦІП, аднак яго адразу ж завезлі ў Маскоўскі РАУС, дзе склалі пратакол за хуліганства (арт. 17.1 КаАП) і асудзілі на 10 сутак. Такім чынам, Іван Амельчанка за няпоўныя два месяцы правёў за кратамі 40 сутак.

30 чэрвеня ў Мінску ад самага ранку супрацоўнікі міліцыі пачалі ажыццяўляць затрыманні найбольш актыўных прадстаўнікоў моладзевых рухаў.
У 7 гадзін раніцы з дома ў Сухарава забралі і адвезлі ў Фрунзенскі РУУС актывіста моладзевага крыла «Гавары праўду» «Zмена» Віталя Васількова. У выніку на маладога чалавека склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП РБ. Судовы разгляд справы вяла суддзя суда Фрунзенскага раёна Людміла Лапо. У ходзе пасяджэння яна адхіліла ўсе хадайніцтвы адваката, у тым ліку і хадайніцтва аб выпатрабаванні відэазапісаў з камер назірання, паколькі, са слоў сведкаў-міліцыянтаў, правапарушэнне адбылося ў будынку РУУС. Прысуд - 5 сутак арышту.
Зранку ў пошуках актывіста Алеся Крата дадому да ягонай сястры прыйшлі міліцыянты.
Дахаты да актывіста беларускіх нацыянал-бальшавікоў Дзмітрыя Паліенкі ў 7.30 прыходзілі міліцыянты, аднак дома яго не засталі. Па атрыманай актывістам інфармацыі, супрацоўнікі міліцыі хацелі нібыта апытаць яго адносна бойкі, якая адбылася ў 3 гадзіны начы каля пад'езду і дзеля гэтага нібыта апытваюцца ўсе жыхары. Аднак Дзмітрыю ўдалося высветліць, што ні да кога з суседзяў ніхто з апытаннямі не прыходзіў. Вядома пра некалькі выпадкаў патрапіць у кватэры да актывістаў гэтага руху, каля іх кватэраў працяглы час дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі

1 чэрвеня ў мінскім дзіцячым парку імя Горкага супрацоўнікі міліцыі затрымалі тэлежурналістак Таццяну Белашову і Вольгу Чайчыц, якія рабілі рэпартаж з нагоды  Дня абароны дзяцей. Затрыманыя былі дастаўленыя ў Партызанскі РУУС сталіцы, дзе ў іх узялі тлумачэнні. Пасля гэтага ў РУУС з’явіўся супрацоўнік КДБ, які пажадаў пагаварыць з кожнай з дзяўчат. На просьбу Чайчыц назвацца ён не адрэагаваў, ад чаго Вольга адмовілася з ім размаўляць. Прыкладна гэтак жа, паводле яе слоў, павяла сябе і Таццяна Белашова. У выніку дзяўчат адпусцілі з міліцыі праз тры гадзіны.

6 чэрвеня ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску разглядалася справа Сяргея Кандакова. Яго судзілі на падставе пратаколу, складзенага 2 траўня міліцыянтамі за 18 асобнікаў зарэгістраванай у Смаленску газеты «Витебский курьер», якія ён збіраўся параскладваць па паштовых скрынках. Суддзя Іна Грабоўская прызнала распаўсюдніка недзяржаўнай прэсы вінаватым у парушэнні часткі 2 артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях («незаконны распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі») і прысудзіла яму штраф у памеры 20 базавых велічынь.

22 чэрвеня суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Матыль прысудзіла журналісту “Еўрарадыё” Паўлу Свярдлову, абвінавачанаму ў лаянцы матам, 15 сутак адміністратыўнага арышту. Разгляд справы журналіста адбываўся без адваката, якога у залу судовых пасяджэнняў так і не пусцілі на падставе таго, што журналіст нібыта адмовіўся ад яго паслуг. Адвакату паведамілі, што азнаёміцца з матэрыяламі справы ён зможа пасля вынясення пастановы. Паўла Свярдлова ў гэты дзень у 10 раніцы затрымалі пяцёра невядомых у цывільным і без усялякіх тлумачэнняў закінулі ў мікрааўтобус. У 14 гадзіне журналіст змог патэлефанаваць у рэдакцыю і паведаміць, што знаходзіцца ў судзе Маскоўскага раёна, дзе яго будуць судзіць па артыкуле 117.1 за "дробнае хуліганства".

Абмежаванне свабоды сходаў

6 чэрвеня праваабаронца Уладзімір Малей, які падаваў у Маларыцкі райвыканкам заяву на правядзенне пікета “За сумленныя выбары без Лукашэнкі”, атрымаў адмоўны адказ. У лісце за подпісам намесніка старшыні райвыканкаму Вадзіма Шпетнага было сказана, што ў адпаведнасці з Законам “Аб масавых мерапрыемствах ” не дазваляецца праводзіць падобныя мерапрыемствы бліжэй за 50 метраў ад будынкаў выканаўчых і распарадчых органаў. Між тым, заўважае маларыцкі чыноўнік, пікет планавалася правесці перад будынкам Дома культуры, дзе знаходзяцца аддзел культуры райвыканкама і ЗАГС. Акрамя таго, Вадзім Шпетны са спасылкай на той жа Закон “Аб масавых мерапрыемствах ” паведаміў, што “у заяве неабходна указаць крыніцу фінансавання масавага мерапрыемства”. 15 чэрвеня Уладзімір Малей падаў у суд Маларыцкага раёна скаргу на адмову райвыканкама ў правядзенні пікету.

12 чэрвеня ў Гародні прайшоў разгляд скаргі актывіста АГП Сяргея Ліса да гарвыканкаму ў сувязі з забаронай пікету, які быў заяўлены на 15 траўня бягучага году. Суддзя Ленінскага раённага суду Ала Баўсук за паўгадзіны разгледзела справу і не задаволіла скаргу. Інтарэсы гарвыканкама прадстаўляў юрыст Леанід Жук. А Сяргей Ліс спрабаваў заявіць сваёй прадстаўніцай на судзе Аляксандру Васілевіч, але суддзя не задаволіла гэтае хадайніцтва.

18 чэрвеня грамадскі актывіст Рыгор Грык атрымаў ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча з адмовай у правядзеніі 24 чэрвеня пікету пад лозунгам “Спыніць рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў і чыноўнікаў”. Гарвыканкам лічыць, што заяўнік парушыў арт. 6 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Праўда, якую канкрэтна норму закона парушыў заяўнік, супрацоўнік ідэалагічнага аддзела гарвыканкама Сяргей Пяцігораў адмовіўся назваць.

19 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну Гародні завяршыўся адміністратыўны працэс па скарзе старшыні гарадской арганізацыі АГП Аляксандры Васілевіч на дзеянні мясцовага гарвыканкаму па забароне пікету 26 красавіка з мэтай ушанавання памяці ахвяраў Чанобыльскай катастрофы, а таксама прыцягнення ўвагі грамадскасці да пытанняў ядзернай бяспекі і экалогіі ў кантэксце будаўніцтва Астравецкай АЭС. Суддзя Людміла Жукоўская палічыла адмову мясцовых уладаў законнай і не задаволіла скаргу Васілевіч.

24 чэрвеня віцебскі праваабаронца Павел Левінаў атрымаў адмову ў правядзенні пікета з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі. Праваабаронца планаваў правесці тры акцыі, і падаваў заяўкі ва ўсе тры раённы адміністрацыі Віцебска. Акцыі планавалася правесці 26 чэрвеня, у  Міжнародны дзень барацьбы супраць катаванняў з мэтай інфармавання грамадзян пра выкананне Рэспублікай Беларусь Канвенцыі супраць катаванняў, жорсткага і зневажальнага абыходжання. Калі з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі праваабаронца адмову атрымаў, то з Першамайскай і Чыгуначнай за пяць дзён да акцыі, як гэта прадугледжана заканадаўствам, адказу ён так і не прыйшло.

24 чэрвеня грамадскі актывіст Рыгор Грык атрымаў ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамляецца, што гарвыканкам не дае згоды на правядзенне пікета 1 ліпеня пад лозунгам “За выбары па законам і Канстытуцыі”. Гарвыканкам лічыць, што Рыгор Грык парушыў арт. 6 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, праўда, якую канкрэтна норму закона парушыў заяўнік, супрацоўнік ідэалагічнага аддзела гарвыканкама Сяргей Пяцігораў традыцыйна адмовіўся назваць. Заяўнік у сваёй заяве ўказаў, як патрабуе закон, мэту пікетавання, від мерапрыемства, месца, час і дату правядзення пікету, крыніцу фінансавання (асабістыя сродкі), мяркуемую колькасць удзельнікаў пікету – 3 чалавекі, заключыў пісьмовыя дамовы з гарадской міліцыяй, спецаўтабазай і гарадской паліклінікай па абслугоўванні масавага мерапрыемства.

30 чэрвеня аршанскія ўлады ў чарговы раз адмовілі прадстаўнікам партыі левых «Справядлівы свет» у дазволе на правядзенне масавых мерапрыемстваў. У чацвёрты раз за апошнія месяцы актывісты гэтай партыі падалі заяўкі на правядзенне пікетаў супраць пагаршэння ўзроўню жыцця грамадзянаў. У заяўках ў якасці месцаў пікетавання заяўнікі ўказалі пляцоўкі, спецыяльна дазволеныя гарвыканкамам як месца масавых акцый. Варта нагадаць, што Аршанскі гарвыканкам устанавіў правіла - заяўку на пікет ці мітынг можна падаць толькі разам з дамовамі на ахову ўдзельнікаў акцыі, медыцынскае абслугоўванне і ўборку тэрыторыі. КСУП «Аршанская спецаўтабаза» такую дамову заключыла, а вось галоўны ўрач УАЗ «Аршанская цэнтральная паліклініка» Уладзімір Плыткевіч даў адказ, што заключыць дамову аб медыцынскім абслугоўванні толькі пасля дазволу гарвыканкама. А гарвыканкам у сваю чаргу адмовіў у дазволе на пікетаванне, матывуючы адсутнасцю дамовы з УАЗ "Аршанская цэнтральная паліклініка».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства