Кіраўнік Германіі выказала падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі
У Менску прайшла сустрэча лідэра дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандра Мілінкевіча з генеральным сакратаром партыі ХДС Роналдам Пофалам, паведаміла прэс-служба Аляксандра Мілінкевіча.
Як адзначыў лідэр дэмсілаў Беларусі, генеральны сакратар партыі ХДС прыехаў у Менск з цьвёрдым пасланьнем, сутнасьць якога ў тым, што Эўропа застаецца адкрытай для супрацоўніцтва зь Беларусьсю, але толькі пры выкананьні канкрэтных ўмоваў – распачынаньне дэмакратычнага працэсу, стварэньне ўмоваў для правядзеньня свабодных і празрыстых выбараў, вызваленьне палітзьняволеных.
Аляксандр Мілінкевіч назваў вынікі сустрэчы з Роналдам Пофала надзвычай важнымі, асабліва беручы пад увагу, тое што Германія з 1 студзеня 2007 года будзе старшыняваць у Эўразьвязе:
- Пазыцыя Германіі ў ацэнцы рэжыму ў Беларусі застаецца нязьменнай. Безумоўна, працэс супрацоўніцтва зь Беларусьсю Эўропе можна пачынаць, нават нягледзячы на шматлікія парушэньні правоў чалавека, якія фіксуюцца ў нашай краіне. Але гэты працэс павінна пачаць менавіта беларуская ўлада. Яна павінна паказаць, што гатова вярнуць Беларусь на цывілізаваны шлях развіцьця, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Генеральны сакратар ХДС перадаў таксама Аляксандру Мілінкевічу асабістыя словы прызнаньня канцлера Германіі Ангелы Меркель. Спадарыня канцлер выказала таксама падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі.
Разам з лідэрам аб'яднаных дэмакратычных сілааўудзел у сустрэчы брала Ірына Казуліна, жонка палітзьяволенага экс-кандыдата ў прэзыэнты Аляксандра Казуліна.