Алена Семенчукова скардзіцца на ўмовы ўтрымання ў віцебскім ІЧУ
Віцебская актывістка "Еўрапейскай Беларусі" накіравала скаргу ў абласную пракуратуру. У ёй гаворыцца пра ўражанні ад ізалятара часовага ўтрымання, калі дзяўчына трапіла туды на адну ноч – пасля затрымання за распаўсюд улётак пра байкот выбараў. Алена Семенчукова патрабуе, каб пракуратура звярнулася ва ўправу МУС аблвыканкаму, і адказныя супрацоўнікі выправілі сітуацыю.
Дзяўчына, якую змясцілі ў ІЧУ пасля затрымання 29 чэрвеня да ранку 30 чэрвеня, калі пачаўся судовы працэс, адзначае акалічнасці, якія прыніжаюць чалавечы гонар утрыманцаў. Не кажучы ўжо пра тое, што яны вымушаны цярпець антысанітарныя ўмовы ў гэтай установе.
"У камеры няма спальных месцаў і ўвогуле якой-небудзь мэблі. Адміністрацыя ІЧУ адмовілася прыняць для мяне перадачу зь цёплымі рэчамі, вадой і гігіенічнымі сродкамі. Таму ляжаць давялося на падлозе, у джынсах, белай майцы і "балетках". Заснуць было немагчыма, бо дужа халодна. У камэры не было чым дыхаць – яна не праветрываецца. Усю ноч вочы сьляпіла святло лямпачкі, якую не выключалі. "Радыёкропку" таксама немагчыма зрабіць цішэй. Першы раз мне прынесьлі ежу раніцай наступнага пасля затрыманьня дня. Есці давялося таксама на падлозе і бруднымі рукамі, бо ні ручніка, ні мыла не давалі. Унітазам я таксама карыстацца не змагла -- было гідка, бо ён не мае зліўнога бачка і знаходзіцца полі зроку супрацоўнікаў ІЧУ", -- піша віцебская актывістка.
У ізалятар часовага ўтрымання Алена Семенчукова была вымушана вярнуцца і па сканчэнні судовага працэсу. Суддзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская прысудзіла дзяўчыне 10 сутак арышту за распаўсюд улётак, абвінаваціўшы яе паводле артыкула 23.34 (парушэнне арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).
На знак пратэсту супраць абвінавачання і несправядлівага, на ейны погляд, пакарання, Алена Семенчукова абвясціла галадоўку, якую трымае ў ІЧУ.