Да галадоўкі салідарнасьці з лідэрам БСДП (Грамада) Аляксандрам Казуліным далучаюцца грамадзкія актывісты ў Гародні і Баранавічах
Тыдзень доўжыцца галадоўка салідарнасьці з лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандрам Казуліным. Старшыня берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі паведаміў, што да акцыі далучаюцца грамадзкія актывісты ў Гародні і Баранавічах.
Па словах Ігара Маслоўскага, у кароткатэрміновых галадоўках ужо ўдзельнічаюць 18 чалавек. Пра намеры падтрымаць акцыю заявілі больш як 50 чалавек. Ігар Маслоўскі ўдакладняе, што гэта прадстаўнікі партыі БСДП (Грамада), ПКБ і АГП, а таксама беспартыйныя. “Штодзённа адмаўляюцца ад ежы на знак салідарнасьці з Аляксандарам Казуліным сем чалавек”, — заявіў Ігар Маслоўскі. - Мы стараемся прыцягнуць увагу грамадзтва да становішча палітвязьня Аляксандара Казуліна, які ў турме трымае галадоўку ад 20 кастрычніка." Кожны ўдзельнік акцыі асабіста вызначае тэрмін галадоўкі, паводле свайго стану здароўя, – падкрэсьліў Ігар Маслоўкі.