viasna on patreon

Беларускія ўлады не пусьцілі на IX Mенскі форум дэпутатаў Бундэстагу і рабочую групу Еўрапарламенту

2006 2006-11-08T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэс-служба Партыі БНФ паведаміла, што менскія ўлады ня выдалі ўязных візаў тром дэпутатам Эўрапейскага Парлямэнту (ЭП) і двум дэпутатам Бундэстагу, запрошаным на Менскі форум, што мае адбывацца 9-11 лістапада. Форум ужо ў дзявяты раз ладзіць амбасада Германіі разам зь нямецкімі няўрадавымі арганізацыямі. Ён мае служыць "дыялёгу прадстаўнікоў ураду Беларусі, беларускіх партыяў і грамадзкасьці".

Сёлетні Форум прысьвечаны тэме "Беларусь - суседзтва й транзыт у Эўропе - замежная палітыка, эканоміка й грамадзтва". На яго запрошаныя нямецкія й беларускія службоўцы, навукоўцы, дэпутаты Бундэстагу, эўрапейскія службоўцы, а таксама дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту з розных краінаў, якія ўваходзяць у спэцыяльную трохасабовую Рабочую групу Дэлегацыі ЭП для дачыненьняў зь Беларусьсю. Групу накіравала Канфэрэнцыя старшыняў ЭП, на чале яе меў быць намесьнік старшыні Дэлегацыі мальтыйскі эўрадэпутат Джозэф Мускат.

Вінцук Вячорка паведаміў Прэсавай групе Партыі БНФ: "Супрацоўнік Генэральнага дырэктарату замежнай палітыкі Эўрапейскага Парлямэнту сп. Арнольдас Пранцкявічус, адказны за прыезд Рабочай групы, папрасіў мяне пра спэцыяльную сустрэчы групы зь лідэрамі аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Мы дамовіліся на суботу.

Аднак 3 лістапада сп. А.Пранцкявічус напісаў мне, што афіцыйны Менск адмовіўся даць візы тром дэпутатам Эўрапейскага Парлямэнту, якія складалі Рабочую групу Дэлегацыі ЭП для дачыненьняў зь Беларусьсю, і яму самому. Паводле А.Пранцкявічуса, фармальнай прычынай адмовы ёсьць тое, што ўлады разглядаюць Менскі Форум як строга двухбаковае беларуска-германскае мерапрыемства без удзелу ў ім эўрапейскага кампанэнту і, такім чынам, Эўрапейскага Парлямэнту.

Сп. Пранцкявічус нагадаў дыпляматам ад афіцыйнага Менску, што першае паседжаньне форуму - "Беларусь і Эўрапейскі Зьвяз: праблемы й пэрспэктывы" -- цалкам прысьвечана менавіта супрацы з ЭЗ, а сярод дакладчыкаў прадстаўнікі ня толькі Беларусі й Германіі, але таксама Палітычнага дэпартамэнту Высокага прадстаўніка ў пытаньнях замежнай палітыкі ЭЗ, Дэлегацыі Эўрапейскай камісіі ў Кіеве, АБСЭ, МЗС Літвы, Расеі й Украіны і інш. Аднак дыпляматы пацьвердзілі, што ўдзел Эўрапейскага Парлямэнту ў гэтай падзеі немагчымы.

А.Пранцкявічус паведаміў, што і два дэпутаты Германскага Бундэстагу, запрошаныя да ўдзелу ў Менскім форуме, таксама не атрымалі візаў. Такім чынам, аргумэнтацыя ўладаў наконт строга двухбаковага характару форуму, пра які яны нібыта дбаюць, беспадстаўная, лічыць ён. Сп. Пранцкявічус выказаў асаблівае шкадаваньне, што не адбудзецца заплянаванае сустрэчы Рабочае групы зь лідэрамі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Я, са свайго боку, таксама шкадую пра страту магчымасьці сустрэцца зь сябрамі свабоднай Беларусі на беларускай зямлі. Лукашэнкаўкая ўлада насуперак любой палітычнай лёгіцы сама заганяе сябе ў тупік самаізаляцыі - і гэта напярэдадні вельмі сур'ёзных энэргетычных праблемаў. Яшчэ раз паўтараю: віну за непазьбежны будучы энэргетычны крызыс нясе Лукашэнка й ягоная палітыка аднабаковай арыентацыі на Расею. Усе падзеі апошніх дзён - прысуд З.Дашкевічу, арышты актывістаў БНФ у рэгіёнах, вось гэтая адмова ў візах - паказваюць, што адкрываць Беларусь для сьвету праз дэмакратычныя зьмены ён ня мае намеру. Толькі прыход да ўлады дэмакратычных сілаў уратуе нашу эканоміку й нашу краіну".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства