Дзяржаўныя СМІ ў рэгіёнах па-ранейшаму ігнаруюць тэму выбараў (дадаецца)
Пінск
На мінулым тыдні газета Пінскага раёна “Палеская праўда” ні словам не ўзгадала пра распачатую перадвыбарную кампанію. Гарадская газета “Пінскі веснік” абмежавалася сціплай заметкай у рубрыцы “Насустрач выбарам”. Прычым яе аўтар не наважыўся на нейкія самастойныя ацэнкі, а абыйшоўся кампіляцыяй матэр’ялаў БелТА, дзе словамі Лідзіі Ермошынай і Аляксандра Лукашэнкі даводзіцца, што выбары пройдуць “адкрыта, свабодна і ў канкурэнтнай барацьбе”.
Дзяржаўная тэлерадыёкампанія “Пінск” таксама не праяўляе актыўнасці ў перадвыбарнай тэматыцы, а служба навінаў прыватнага тэлеканалу “Вараг” увогуле на месяц сыйшла ў адпачынак.
Раздзел "Выбары 2012" з'явіўся пакуль толькі на сайце Пінскага гарвыканкама pinsk.by. Там размешчаны спасылкі на ўказ № 276 аб прызначэнні даты выбараў, а таксама на сайт pravo.by, дзе можна азнаёміцца з Выбарчым кодэксам, і на сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Баранавічы
На афіцыйных сайтах Баранавіцкага гарвыканкама (baranovichy.by) і Баранавіцкага райвыканкама (baranovichi.brest-region.by), як і на сайце дзяржаўнай газеты “Наш край” (nashkraj.by), на 2 ліпеня не з'явіліся рубрыкі, прысвечаныя выбарам-2012.
А на сайце мясцовай недзяржаўнай газеты “Інтэкс-прэс” (intex-press.by) з’явілася
старонка “Парламенцкія выбары 2012”. Там змешчаны аналітычны артыкул журналіста
інтэрнэт-выдання “Беларускія навіны” Сяргея Пульшы “Апазыцыя ў парламент можа
толькі прасачыцца”. Аўтар артыкула падрабязна каментуе выказванні прэзідэнта
краіны Аляксандра Лукашэнкі наконт будучых парламенцкіх выбараў 23 верасня, а
таксама меркаванні палітолага Віктара Чарнова і юрыста Сяргея Альфера.
Магілёўшчына
Большасць раённых газет Магілёўскай вобласці надае зусім няшмат увагі маючым адбыцца парламенцкім выбарам. На старонках газет з’явіліся толькі матэрыялы інфармацыйнага агенства БЕЛТА, якія паведамляюць пра дату выбараў і склад Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Уласных матэрыялаў на гэтую тэму пакуль не апублікавала ні адна раёнка.
Выданні паўночнай часткі Магілёўшчыны, у прыватнасці, у сваіх апошніх нумарах больш увагі надаюць святкаванню Дня Рэспублікі і праграме правядзення яшчэ аднаго “усенароднага” свята ў Шклоўскім раёне – “Александрыя збірае сяброў”. На большасці інтэрнэт-сайтаў раённых газет вобласці нават адсутнічаюць інфармацыйныя банеры пра выбары-2012. Нейкія тэматычныя матэрыялы можна пабачыць толькі на сайтах бабруйскай раённай газеты “Трыбуна працы”, клімавіцкай “Роднай нівы”, круглянскага “Сельскага жыцця”, шклоўскага “Ударнага фронту” і “Горацкага весніка”.
У прыватнасці 1 ліпеня адсутнічалі інфармацыйныя банеры і якія-небудзь матэрыялы пра выбары і на інтэрнэт-рэсурсах Бялыніцкага, Бабруйскага, Горацкага і Чавускага райвыканкамаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"