Амністыя ў замен на ўдзячнасць ПТВ?
У №69 газеты “Магілёўскія ведамасці” з’явіўся артыкул “На свободу с рабочей специальностью”, у якім распавядаецца, што 47 зняволеных напісалі калектыўны ліст удзячнасці філіялу Магілёўскага ПТВ №15 за тое, што ў зняволенні яны здолелі атрымаць новую працоўную спецыяльнасць.
У лісце выражаецца ўдзячнасць педагогам за добразычлівае стаўленне да асуджаных цягам усяго перыяду адукацыі, а ўпраўленню адукацыі – за прадастаўленую магчымасць атрымаць спецыяльнасць падчас зняволення, што дазволіць працаўладкавацца і адаптавацца ў соцыуме.
Аляксей Паўлоўскі, які працаваў у выпраўленчай калоніі №15 майстрам вытворчага навучання, лічыць, што подпіс пад хвалебным лістом даваў зняволеным шанец патрапіць пад амністыю. Паводле яго меркавання, калектыўны зварот ініцыяваны самім жа ПТВ №15, і адміністрацыі ПТВ гэта патрэбна, каб паказаць сваю дзейнасць.
“Перакваліфікацыя рабочых з дапамогай ПТВ з’яўляецца ні чым іншым як бутафорыяй. Але каго яны хочуць падмануць? Я за гэтым назіраў цягам усяго перыяду сваёй працы ў калоніі. Некаторыя зняволеныя пагаджаюцца ісці атрымліваць працоўныя спецыяльнасці, бо такім чынам пазбягаюць абавязкаў па выкананні прымусовых працаў. Я мяркую, што зняволеныя падпісваліся пад лістом, каб мець шанец патрапіць пад амністыю”, - кажа Аляксей Паўлоўскі.
“На заняткі зняволеныя ходзяць тады, калі гэтага захочуць, альбо - прымусова. Некаторыя не з’яўляюцца на занятках месяцамі. ПТВ патрэбны план, і праз дзяржаўныя СМІ яны хочуць паказаць, што працуюць. Самі начальнікі атрадаў ставяцца да адукацыі зняволеных скептычна, бо лічаць, што вор мусіць сядзець у турме і ён ніколе не пойдзе працаваць”, - дадае Паўлоўскі.