Супрацоўнікаў міліцыі стала больш, раскрыццё злачынстваў -- знізілася
Пракурор Бялыніцкага раёна, саветнік юстыцыі Міхаіл Андросенка раскрытыкаваў працу мясцовай міліцыі па папярэджанні і раскрыцці крадзяжоў. Сваё меркаванне пракурор выклаў у артыкуле “Крадуць там, дзе дрэнна берагуць”, змешчаным у раённай газеце “Зара над Друццю”.
У прыватнасці, Міхаіл Андросенка сцвярджае: “Некаторыя факты сведчаць аб недастатковай рабоце супрацоўнікаў РАУС па правядзенні аператыўных мерапрыемстваў, якія накіраваныя на ўстанаўленне асобаў, што здзейснілі такія злачынствы (крадзяжы), а таксама аб непрыняцці мер з боку кіраўніцтва арганізацый па захаванні матэрыяльных каштоўнасцяў”.
Летась на тэрыторыі Бялыніцкага раёна зарэгістраваны 210 крадзяжоў, з іх 30 – маёмасці юрыдычных асобаў, што напалову больш, чым у годзе папярэднім. Амаль у тры разы ўзрасла колькасць крадзяжоў у аграпрамысловым комплексе раёна – з 6 да 15.
Між тым, сталыя жыхары Бялыніцкага раёна добра памятаюць, што зараз у раёне ахоўвае правапарадак у паўтара разы больш міліцыянераў у параўнанні з пачаткам 90-х гадоў 20 стагоддзя. Насельніцтва Бялыніцкага раёна за гэты час зменшылася амаль на дзесяць тысяч чалавек.