Больш за ўсё замежныя СМІ цікавіць палітыка і правы чалавека ў Беларусі
Гэта паказвае маніторынг публікацыяў, якія з’яўляюцца ў замежнай прэсе, а таксама дасланыя працы на конкурс “Беларусь у фокусе: вачыма міжнародных журналістаў”
У верасні 2011 года офіс “Салідарныя з Беларуссю” ў Варшаве абвесціў міжнародны конкурс для журналістаў, якія пішуць пра нашу краіну. Больш за 50 публікацыяў былі дасланыя на суд журы, 14 з іх увайшлі ў адмысловую кнігу.
Яе прэзентацыя ўжо адбылася ў Брусэлі, Будапешце, Берліне, Варшаве і Празе. Учора яе пабачылі чытачы з Мінску. На прэзентацыі прысутнічала журналістка са Славеніі Палёна Фрэліх. Яе артыкул пра забаронены беларускімі ўладамі Свабодны тэатр стаў пераможцам конкурсу.
Журналістка ўжо чацвёрты раз прыязджае ў Беларусь. Гэтым разам яна распавяла, з якімі праблемамі сустракаюцца яе замежныя калегі, калі пішуць пра нашу краіну. “Існуе вельмі шмат стэрэатыпаў, што тут складана адкрыць візу, але насамрэч гэта не так. Калі я атрымала ўзнагароду за свой артыкул, сябры перапытвалі мяне: “Ты пасля гэтага яшчэ паедзеш у Беларусь? А цябе там не заб’юць за гэта?” То бок вельмі моцную насцярогу выклікае тое, што ў Беларусі складаная палітычная сітуацыя. Хоць як журналіст, хачу адзначыць, што тэза Беларусь – апошняя дыктура Еўропы, ужо мала каго здзіўляе. Такую тэму ўжо немагчыма прадаць рэдактару. На мой погляд, беларускім СМІ бракуе добрых і пазітыўных навінаў, пра якія маглі б пісаць і мы, замежныя СМІ. Куды ні глянь, паўсюль Лукашэнка – у дзяржаўнай прэсе, у недзяржаўнай. Але трэба ад гэтага адпачываць, пісаць і на іншыя тэмы, каб разбураць стэрэатыпы пра Беларусь”, - кажа Палёна.
Сярод праблемаў, з якімі сутыкаюцца замежныя журналісты, Палёна называе камунікацыю з беларускімі чыноўнікамі: “Яны зусім не ідуць з намі на кантакт, баяцца нейкіх правакацыяў, хоць нам патрэбна ад іх проста інфармацыя”.
Кніга “Беларусь у фокусе” падзеленая на тры тэматычныя раздзелы – асвятленне прэзідэнцкіх выбараў-2010 і іх наступстваў, эканамічны крызіс, забароненая беларуская культура. Па меркаванні сябра журы і шэф-рэдактара газеты “Наша Ніва” Андрэя Дынька, падзеі 19-га снежня моцна ўскалыхнулі Беларусь, таму пра гэта актыўна пісалі многія замежныя журналісты ва ўсім свеце. Удзельнікі конкурса ў сваіх матэрыялах звяртаюць увагу на жорсткі разгон дэманстрацыя пасля выбараў, палітычныя рэпрэсіі апанентаў Лукашэнкі, маўклівыя акцыі пратэсту, забароненыя культурніцкія падзеі ў краіне.
Арганізатары плануюць працягваць конкурс, а таксама распрацаваць рэкамендацыі для замежных журналістаў у фармаце вікіпедыі на адмысловым сайце, дзе будзе прадстаўлена поўная інфармацыя пра грамадска-палітычнае і эканамічнае жыццё краіны апошнія 20 год, асаблівасці акрэдытацыі замежных журналістаў у РБ, атрыманне візы замежнымі грамадзянамі.