viasna on patreon

Мінюст не ўключаў Гары Паганяйлу ў базу невыязных

2012 2012-06-20T12:46:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gary_paganiajla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Учора ў судзе Маскоўскага раёна адбыўся разгляд скаргі кіраўніка юрыдычнай службы праваабарончага ГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Гары Паганяйлы на дзеянні МУС і Мінюста. Скарга датычыцца незаконнага ўключэння спадара Паганяйлы ў спісы невыязных. Працэс вядзе суддзя Вольга Глушакова.

У выступе ў судзе Гары Паганяйла адзначыў, што бачыць у дзеяннях чыноўнікаў з Мінюста і Міністэрства ўнутраных спраў склад крымінальнага злачынства. «Незаконнае ўключэнне ў спіс невыязных за межы Беларусі з’яўляецца складам крымінальнага дзеяння,  бо чыноўнікі абмяжоўваюць свабоды, якія гарантаваныя Канстытуцыяй. Менавіта за тое ж, нагадаю, была асуджаная былая следчы пракуратуры Святлана Байкова. За парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян на свабоду. Паводле суда, яна адвольна кагосьці прыцягвала да крымінальнай адказнасці, пазбаўляла свабоды, калі брала пад варту. Кагосьці, наадварот, вызваляла ад крымінальнай адказнасці незаконна, як вырашыў суд. А гэта і ёсць дзеянні, якія караюцца крымінальна», - заявіў Паганяйла.

Па словах старшыні БХК Алега Гулака, Гары Паганяйла таксама адзначыў у судзе, што не мае ніякіх абавязацельстваў перад гаспадарчымі органамі, не мае запазычанасцяў, у яго няма ніякіх абавязацельстваў па судовых рашэннях.

«Пасля Паганяйлы ў судзе выступіла прадстаўнік Міністэрства юстыцыі, якая пацвердзіла, што ні адным судом рашэнняў у дачыненні да Паганяйлы Г.П. не выносілася, а сам Мінюст ніякіх дзеянняў па ўключэнні яго ў спісы невыязных не прымаў», - сказаў Гулак.

У суд ні да, ні пасля абеду не з'явіўся прадстаўнік МУС Беларусі. Таму суддзя вырашыла перанесці пасяджэнне на 22 чэрвеня на 14.30.

Праваабаронца Гары Паганяйла заявіў, што калі суд пакіне яго ў спісе невыязных, то Беларускі Хельсінкскі камітэт звернецца ў міжнародныя інстанцыі. Беларускія праваабаронцы прапануюць ім спыніць супрацоўніцтва з Беларуссю, паколькі спісы «злачынцаў»  складаюцца незаконна.

Нагадаем, у сярэдзіне сакавіка, перад запланаванай паездкай за мяжу, праваабаронца Гары Паганяйла наведаў раённы аддзел па грамадзянстве і міграцыі, дзе папрасіў, каб ягонае прозвішча праверылі па базе невыязных. Высветлілася, што ён пазбаўлены права выязджаць за мяжу. Як растлумачылі праваабаронцу, звесткі ў банк дадзеных былі прадастаўлены Міністэрствам юстыцыі на падставе нейкай справы аб неплацежаздольнасці, па якой Гары Пятровіч праходзіць патэнцыйным даўжніком. Але як выявілася падчас учарашняга разгляду ў судзе, пра дадзеную справу нічога не ведае не толькі спадар Паганяйла, але і сам Мінюст.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства