viasna on patreon

Таццяна Рэвяка: “Барыс Звозскаў быў для нас не толькі ўзорам прафесійнасці, але і сябрам”

2012 2012-06-19T13:16:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/reviaka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Таццяна Рэвяка

Праваабаронца Таццяна Рэвяка

Сыход з жыцця вядомага беларускага праваабаронцы – вялікая страта для Беларусі.

Праваабаронца Таццяна Рэвяка з Барысам Ігаравічам была знаёмая даўно. “Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, ён называў мяне Таццянай Іванаўнай. І калі я казала, што можна звяртацца проста Таццяна, тое ён адмаўляў - маўляў, не можа, бо гэтак ён выказвае сваё паважлівае стаўленне. Гэта быў вельмі далікатны чалавек. Мне вельмі імпанавала ягоная прафесійнасць, грунтоўны падыход да ўсяго, што ён рабіў. У такіх рысах і праяўляўся ягоны характар”.

Спадарыня Таццяна таксама ўзгадвае, што, нягледзячы на свой сур'ёзны выгляд, спадар Звозскаў мог вельмі нечакана ў размове распавесці анекдот ці нейкую цікавую гісторыю. Барыс Ігаравіч апошнім часам часта быў у рэгіёнах на сустрэчах з журналістамі і актывістамі, для якіх праводзіліся адукацыйныя трэнінгі. “Ён вучыў людзей, як супрацьстаяць беззаконню, як сябе паводзіць на допытах, пры вобшуках. І гэта была найкаштоўнейшая інфармацыя для людзей, якія апыналіся ў такіх сітуацыях. Бо такія рэпрэсіі для беларускіх журналістаў і актывістаў вельмі распаўсюджаныя”.

Барыс Ігаравіч быў адным з выкладчыкаў на летніх праваабарончых школах для студэнтаў. Навучэнцы заўсёды з цікавасцю слухалі яго. Бо ў яго быў вельмі грунтоўны падыход да выкладання міжнароднай сістэмы правоў чалавека, ён заўсёды казаў і пра добрыя і не вельмі добрыя бакі працэсаў, якія адбываюца ў накірунку міжнароднай абароны правоў чалавека ў Беларусі.

Спадар Звозскаў з 2000 года рабіў вялікую працу, каб дом правоў чалавека з’явіўся менавіта ў Беларусі. На жаль, гэтага не адбылося. І з 2007 года беларускі ДПЧ працуе ў Вільні. Першы ягоны кіраўнік і прэзідэнт – Барыс Звозскаў.

“Вельмі шмат ёсць момантаў, якія, відаць, ужо без Барыса Ігаравіча, не будуць такімі, якімі былі разам з ім. І ў тых водгуках, якія я зараз атрымліваю ад нашых калег і з рэгіёнаў, і з суседніх краінаў, гучыць шчыры і глыбокі боль у сувязі са стратай Барыса Ігаравіча, які стаў для нас не толькі узорам прафесійнасці, але і сябрам. Усе адзначаюць гэтую непамерную страту, - кажа Таццяна Рэвяка. -Заўчора я сустракалася з жонкай Барыса Ігаравіча. Яна распавяла, што ў пятніцу, калі ён ужо ляжаў у рэанімацыі, прывезла яму ліст ад Алеся Бяляцкага. І апошняе, што ён чытаў, - быў менавіта ліст ад Алеся. Ён перажываў, што Бяляцкі знаходзіцца за кратамі, хоць самому яму заставалася ўсяго некалькі дзён жыцця…”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства