viasna on patreon

Улады прапанавалі рагачоўцам зарабіць грошай на абласныя «Дажынкі» на суботніках

2012 2012-06-13T10:03:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/banchuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня Рагачоўскага райвыканкама Віктар Банчук

Старшыня Рагачоўскага райвыканкама Віктар Банчук

На пачатку 2012 года жыхары Рагачова былі расчараваны паведамленнем, што ў горадзе адмяняецца правядзенне рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013». Гэта «пачэснае права» у райцэнтра перахапіў абласны цэнтр – Гомель. Разам з тым, два гады ў раённай газеце «Свабоднае слова» кіраўнікі райвыканкаму кармілі абяцанкамі мясцовых жыхароў: маўляў, да «Дажынак-2013» у горадзе адрамантуюць мноства аб'ектаў, а пабудуюць яшчэ больш - і дарогі, і стадыёны, і розныя палацы, і крамы, і шмат іншых аб'ектаў сацыяльнай сферы.

Абураныя жыхары Рагачова нават сабралі дзве з паловай тысячы подпісаў пад зваротам да Савета міністраў з просьбай вярнуць «Дажынкі» у райцэнтр.

Разам з тым, кіраўнік Рагачоўскага райвыканкаму Віктар Банчук паведаміў жыхарам гораду, што «Дажынкі» усе-такі будуць, але не ў 2013 годзе, а нават у 2012, праўда, не рэспубліканскія, а абласныя. Гэта інфармацыя стала для жыхароў горада, калі верыць раённай газеце, «прыемным сюрпрызам». Калі да рэспубліканскіх «Дажынак» абяцалі пабудаваць шмат новых неабходных аб'ектаў, то да абласных «новага будаўніцтва не будзе». «Стаіць задача прывесці ў парадак тое, што маем зараз. І ажыццявіць гэта трэба аператыўна, з малымі затратамі, гаспадарчым спосабам», - патлумачыў Віктар Банчук.

Частку грошай дасць абласны і раённы бюджэт, але зарабіць на «Дажынкі» павінны і самі жыхары – савецкім метадам «суботнік». «Думаю, што мы павінны за гэты час правесці ў раёне два суботнікі, а сродкі накіраваць на добраўпарадкаванне нейкага значнага для горада аб'екта», - вырашыў кіраўнік раёна. То бок, хочаце «Дажынкі» - вось і зарабляйце на іх, працуючы бясплатна, прычым як мінімум двойчы.

Кіраўнік раёна заклікае людзей навесці парадак да «Дажынак», прычым «генеральную ўборку нам патрэбна зрабіць як непасрэдна ў сваім доме, двары, так і на прылеглай да дамоў тэрыторыі. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на агароджы, пад'езды, лесвічныя пляцоўкі, фасады і дахі дамоў – у многіх будынкаў яны маюць, на жаль, непрыглядны выгляд», - параіў Віктар Банчук. Самі жыхары павінны адрамантаваць фасады і дахі? Навошта тады камунальныя службы і адлічэнні ў бюджэт? Можа, тады людзям і не трэба кіраўніцтва, калі на «Дажынкі» самі павінны зарабіць на неаплочваемых суботніках, яшчэ і самім трэба рамантаваць дахі дамоў.

А кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна старшыня выканкаму загадаў прывесці ў парадак адміністрацыйныя будынкі, прычым без выдзялення грошай на гэтыя мэты. «Хачу адразу папярэдзіць – ні пра якія фінансавыя сродкі на дадзеныя рэчы не можа быць і гаворкі,  таму што ў бюджэце няма лішніх грошай», - праінфармаваў старшыня выканкаму.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства