Маладзёвага актывіста са Сьветлагорску выключаюць з тэхнікуму
На паседжаньні камісіі Сьветлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага тэхнікуму было прынята рашэньне аб адлічэньні з вучобы актывіста сьветлагорскага “Маладога Фронту” – Сяржука Гумінскага. Афіцыйнай падставай для выключэньня былі названыя парушэньні правілаў тэхнікуму й шматлікія пропускі заняткаў. Кіраўнік практыкі, якую зараз праходзіць Сяржук, прапанаваў правесьці з навучэнцам адпрацоўкі. Але камісія палічыла гэта “немэтазгодным”.
Як паведаміў сам Сяржук, камісія прыняла рашэньне аб выключэньні й засталося толькі дачакацца подпісу дырэктара навучальнае ўстановы, які ў бліжэйшыя дні павінен выйсьці на працу са свайго адпачынку.
Дарэчы, дырэктар тэхнікуму яшчэ ў верасьні гэтага году пагражаў маладзёваму актывісту выключэньнем за яго палітычную дзейнасьць.