Баранавіцкая міліцыя не ведае рашэння выканкаму аб масавых мерапрыемствах
Грамадскі актывіст Рыгор Грык (на фота) падаў чарговую заяву ў гарвыканкам аб правядзенні ў Баранавічах пікета “Спыніць рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў і чыноўнікаў”. Ён ужо заключыў адпаведныя дамовы са спецаўтабазай на вываз смецця пасля мерапрыемства і з гарпаліклінікай па медыцынскаму абслугоўванню ўдзельнікаў пікету. Аднак Рыгор Грык не можа заключыць дамову з гарадскім аддзелам міліцыі па ахове грамадскага парадку падчас правядзення масавага мерапрыемства. Намеснік начальніка аддзела ГАУС падпалкоўнік Трафімаў А.А. адмовіўся заключыць такую дамову. Ён пісьмова паведаміў грамадскаму актывісту, што калі гарвыканкам дазволіць правядзенне пікета, тады і, маўляў, заключым дамову па ахове грамадскага парадку.
– Згодна з рашэннем гарвыканкама ад 16 чэрвеня 2009 года № 1497, копіі дамоваў з міліцыяй, спецаўтабазай і гарпаліклінікай арганізатар пікета павінен прадставіць ў гарвыканкам адначасова з заявай. А вось ці дазволіць гарвыканкам правесці пікет без дамовы з міліцыяй – гэта пытанне, на якое адкажа час,– адзначыў Рыгор Грык.