Гарадзенскае аддзяленне Партыі БНФ зноў спрабуе зарэгістравацца
Прадстаўнікі Гарадзенскага аддзялення Партыі БНФ спрабуюць зарэгістраваць абласную арганізацыйную структуру. 28 траўня ў абласное ўпраўленне юстыцыі выканкаму пададзены пакет дакументаў для адпаведнай рэгістрацыі. Устаноўчы сход Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ прайшоў 9 траўня бягучага году.
Тры гады таму была ўжо спроба зарэгістраваць абласную структуру Партыі БНФ, але яна скончылася няўдачай. Чыноўнікі не зарэгістравалі арганізацыю паводле надуманай бюракратычнай прычыны – шрыфт, якім былі выкананы дакументы, быў 12-га памеру, а не 14-га.
Нядаўна абраны старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў кажа, што рашэнне мясцовай выканаўчай улады па пытанні гэтай рэгістрацыі стане першай прыкметай “палітычнага курсу” мясцовай улады напярэдадні кампаніі па выбарах у парламент краіны.