Суд над Дашкевічам будзе закрытым
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што суд над Зьмітром Дашкевічам, прызначаны на 30-га кастрычніка аб 11-й гадзіне, будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Справу будзе разглядаць судзьдзя Ала Булаш – намесьніца старшыні суду Кастрычніцкага раёну Менску. Матывацыю закрыцьця працэсу ў судзе не пазначылі.
Праваабаронцы з цэнтру “Вясна” лічаць гэты выпадак абуральным.
- Па-першае, - кажа юрыст Валянцін Стэфановіч, - Дашкевіч абвінавачаны па арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), што парушае яго канстытуцыйнае права на свабоду асацыяцый. Па-другое, працэс хочуць зрабіць закрытым: бяз допуску журналістаў і шырокага колу грамадзкасьці – у лепшых традыцыях сталінскіх часоў. Ммы лічым, што справа мае грамадзкі рэзананс і таму павінна быць адкрытай. Мяркуем, што ўлады такім чынам хочуць схаваць падрабязнасьці мэтадаў працы сьледчых органаў, якія ў масавым парадку выклікалі моладзь на допыты, аказвалі на актывістаў ціск. Ччарговы раз патрабуем неадкладнага вызваленьня Зьмітра Дашкевіча і лічым яго перасьлед палітычным.
Нагадаем, лідэр арганізацыі “Малады Фронт” Зьміцер Дашкевіч быў узяты пад варту ў межах крымінальнай справы па арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). 21 верасьня 2006 года яму было прад’яўлена афіцыйнае абвінавачаньне, мера стрыманьня пакінутая бяз зьменаў.
Будынак Кастрычніцкага суда знаходзіцца па адрасе: вул. Сямашкі, 33.