viasna on patreon

Імёны стваральнікаў фільма "Метро" – дзяржаўная таямніца?

2012 2012-05-24T13:43:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/davydzka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька адмовіўся назваць тых, хто працаваў над фільмам "Метро", паказаным да ўгодкаў  трагедыі 11 красавіка. І параіў Любові Кавалёвай і Барысу Хамайду, якія лічаць фільм паклёпніцкім і мяркуюць звярнуцца ў суд, абскардзіць яго адказ, звярнуўшыся "у вышэйстаячы орган (Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь)".

Адказ на ліст да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі атрымала толькі Любоў Кавалёва, маці асуджанага за тэрарызм і расстралянага Уладзіслава Кавалёва. Хаця зварот яны дасылалі ўдвух з віцебскім апазіцыянерам Барысам Хамайдам, сябрам сям'і Кавалёвых.

Сутнасцю адказа Любоў Кавалёва не задаволена:

“Там толькі цытаванне  заканадаўства пра аўтарскае права  і  "Закона аб сродках масавай інфармацыі". З гэтых цытатаў вынікае, што Белтэлерадыёкампанія мае працоўныя дамовы са сваімі супрацоўнікамі, якія працавалі над фільмам, што яна – уласнік правоў на гэты фільм, і што ніякіх звестак нам прадастаўляць не абавязаныя. Маўляў, у цітрах згадвалася Бедтэлеадыёкампанія, а канкрэтныя імёны нікому ведаць не абавязкова”.

Любоў Кавалёва хацела ведаць імены стваральнікаў, бо мела намер падаць на іх у суд. Яны з Барысам Хамайдам зрабілі аналіз фільма "Метро", адсачыўшы шэраг неадпаведнасцяў, перабольшанняў і нават скажэнняў матэрыялаў следства. Аднак ніякай рэакцыі на крытыку ад Генадзя Давыдзькі не атрымалі.

Напрыканцы ліста кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі параіў у выпадку нязгоды з такім адказам "абскардзіць яго ў вышэйстаячы орган (Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Бедарусь)".

Маці расстралянага паводле абвінавачання ў тэрарызме Уладзіслава Кавалёва яшчэ не ведае, ці скарыстаецца гэтай прапановай. Мажліва, будуць нейкія іншыя захады:

"Але ў любым выпадку я буду змагацца ў імя памяці пра сына. У фільме "Метро", я лічу, яго знарок імкнуцца запэцкаць, бо Дзіму Канавалава ўжо даўно абвясцілі галоўным тэрарыстам, а з Уладам неяк не атрымлівалася… Людзі не вераць у справядлівасць следства і суда па справе тэракту, таму і з'явіўся фільм "Метро" – у якасці апошняга сродка пераканання. І я мушу нешта прадпрымаць супраць яго стваральнікаў, нават калі ад усіх хаваюць іхныя імены".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства