Казулін пачынае галадоўку
Сёньня, 20 кастрычніка, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін пачынае ў турме галадоўку пратэсту супроць незаконнага, як ён лічыць, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Радыё Свабода. У якіх умовах будзе праходзіць галадоўка Аляксандра Казуліна і колькі можа працягвацца гэтая акцыя?
Мэты галадоўкі Аляксандар Казулін сфармуляваў месяц таму ў адмысловым лісьце, перададзеным на волю. Палітык заявіў, што ня лічыць сакавіцкіх выбараў адбытымі, а таму Аляксандар Лукашэнка, на ягоную думку, мусіць перадаць абавязкі прэзыдэнта прэм’еру Сяргею Сідорскаму, ад якога Аляксандар Казулін цягам месяца чакае прызначэньня новых выбараў.
Два дні таму, сустракаючыся з сваякамі ў калёніі, былы кандыдат на прэзыдэнта пацьвердзіў намер пачаць бестэрміновую галадоўку менавіта сёньня, 20 кастрычніка. Ён сказаў, што ўжо паінфармаваў пра гэта і адміністрацыю калёніі.
У адміністрацыі пацьвердзілі, што ведаюць пра намер Аляксандра Казуліна галадаваць, але адмовіліся даць зьвесткі пра ўмовы, у якіх будзе праходзіць галадоўка. Раней у адміністрацыі калёніі заяўлялі, што на час галадоўкі перавядуць Аляксандра Казуліна ў асобнае памяшканьне. Хутчэй за ўсё, у мэдычную частку.
Як паводле закону адміністрацыя папраўчай ўстановы мае рэагаваць на галадоўку зьняволенага? Адвакат палітыка Ігар Рынкевіч патлумачыў для Радыё Свабода:
(Рынкевіч: ) “Лічыцца, што гэта не парушэньне турэмнага рэжыму, калі чалавек адмаўляецца ад ежы і выстаўляе пэўныя патрабаваньні. Цягам трох дзён адміністрацыя калёніі мусіць паведаміць вышэйшаму кіраўніцтву і паінфармаваць пракуратуру, а менавіта таго пракурора, які назірае за законам у калёніі. Пракурор-назіральнік павінен прыехаць, выслухаць патрабаваньні і адрэагаваць на іх: выканаць, калі гэта паводле закону і ў яго кампэтэнцыі, а калі не, тады дакласьці далей па інстанцыі”.
Ігар Рынкевіч спадзяецца, што ягонага падабароннага перавядуць у мэдычную частку, дзе за станам здароўя будзе весьціся нагляд. Адвакат ня выключыў, што галадоўку Казуліна могуць прымусова спыніць.
(Рынкевіч: ) “Могуць прымусова яго скруціць і ўвесьці яму ў кроў раствор глюкозы. Калі я быў у калёніі 10 кастрычніка, мне пра гэта намякнулі. Маўляў, каб выратаваць жыцьцё. Тым больш, што Казулін заявіў, што будзе галадаць да апошняга: і 30, і 40 дзён”.
Жонка палітыка Ірына Казуліна кажа, што падтрымлівае мужавы палітычныя погляды, але яна – супраць галадоўкі. “Здароўе адно”, – кажа жанчына. На апошнім спатканьні з мужам яна спрабавала адгаварыць яго ад галадоўкі, але гэта не ўдалося. Затое падчас гэтай сустрэчы Аляксандар Казулін больш пэўна акрэсьліў умову, пры якой ён спыніць галадоўку.
(Казуліна: ) “Я бачу, што ён найперш арыентаваны на міжнародны ўзровень. Ён сказаў, што спыніць галадоўку, калі пытаньне па Беларусі будзе разгледжанае ў ААН”.
Вядома, што 19 кастрычніка Ірына Казуліна сустракалася з шэрагам кіраўнікоў беларускай апазыцыі, зь якімі абмеркавала захады палітычнай падтрымкі акцыі яе мужа.
* * *
Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловаю гадоў зьняволеньня – суд у Менску палічыў яго вінаватым у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў 25 сакавіка. Экс-кандадат на пасаду прэзыдэнта вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі матывамі.