У судзе Ленінскага раёну Менску судзяць праваабаронцу Кацярынцу Садоўскую
60-гадовую Кацярыну Садоўскую, якая ўзначальвае беларускую філію Пскоўскага рэгіянальнага грамадзкага руху “Веча”, вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі і пагрозе ў адносінах да судзьдзі, а таксама ў зьнявазе судзьдзі Кіраўскага раённага суду на Магілёўшчыне.
Праваабаронца неаднойчы арганізоўвала пікеты ў абарону правоў чалавека ў Беларусі. Яна прысутнічала ў судах, дапамагала людзям, якія да яе зьвярталіся з просьбаю дапамагчы ім бараніць свае правы ў пракуратуры і міліцыі. Садоўскую шмат разоў арыштоўвалі і штрафавалі за праваабарончую дзейнасьць.
25 ліпеня да Кацярыны Садоўскай прыйшлі дзьве жанчыны і мужчына, які паказаў пасьведчаньне супрацоўніка КДБ. Яны папрасілі Кацярыну паехаць зь імі на размову. На наступны дзень сям’я даведалася, што Садоўская знаходзіцца ў псыхіятрычным шпіталі. Сваякі расказалі, што ёй прапанавалі выбіраць: турма альбо псыхіятрычны шпіталь.
Спачатку Кацярыну Садоўскую абвінавачвалі ў тым, што яна нібыта зьневажала судзьдзю Кіраўскага раённага суду і пагражала ёй. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы стаў запіс з аўтаадказьніка судзьдзі. Голас на стужцы зьневажае судзьдзю і згадвае прозьвішча Садоўскай, якая летась бараніла грамадзяніна Смайлава на працэсе ў гэтай судзьдзі. Да справы далучылі лісты з пагрозамі і праклёнамі, якія судзьдзя атрымала па пошце.
Напрыканцы сьледчых дзеяньняў Кацярыну Садоўскую абвінавацілі і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для гэтай справы стаў зварот арганізацыі за подпісам Садоўскай ад 21 студзеня. У ім праваабаронца патрабавала псыхіятрычнай экспэртызы Аляксандра Лукашэнкі, заклікала да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў і абвінавачвала расейскія спэцслужбы ў падтрымцы беларускага ўраду.
Сваякі Кацярыны Садоўскай непакояцца станам яе здароўя. Садоўская хворая на цукровы дыябэт, незадоўга да арышту перанесла складаную апэрацыю. Муж Кацярыны Віктар Садоўскі, інвалід, пасьля арышту жонкі застаўся дома з хворай цешчай. Ён спадзяецца, што суд ня будзе выносіць жорсткага прысуду ягонай жонцы. Віктар Садоўскі паведаміў радыё Свабодзе: “Што яна там абразіла?.. І арыштавалі ня так, як трэба: позваў не было, і ў вар’ятню заперлі... Ёй трэба інсулін калоць два разы на дзень. Ёй на сьпіне ракавую пухліну выдалялі... Там дагэтуль нітка тырчыць... Дый самой ёй 60 гадоў”.
Сёньня ў судзе Ленінскага раёну а 10-й гадзіне раніцы пачалося судовае паседжаньне, паведаміла радыё Свабода.