viasna on patreon

Маладзёжны актывіст Міхаіл Мускі гвалтоўна адпраўлены на службу ў армію

2012 2012-05-16T22:54:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Актывіст міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Міхаіл Мускі адпраўлены на службу ў армію.

15 мая ён "змог выйсці на сувязь і паведаміць, што яго вязуць з ізалятара на Акрэсціна (дзе ён павінен быў адбываць прысуджаныя суткі) у ваенную часць пад Лепель", паведамляе сайт арганізацыі. У вёсцы Межыца дыслакуецца 29-я ракетна-зенітная часць, дзе Мускі будзе праходзіць службу.

У 2009 годзе актывіст быў прызнаны непрыгодным да ваеннай службы з-за павышанага ціску. "У 2012-м пасля адсідкі за перформанс каля МЗС яго пад канвоем прывезлі ў ваенны шпіталь, каб "пацвердзіць", што хлопец раптам стаў прыгодны да службы ў арміі", — гаворыцца ў паведамленні.

Мускага ў ліку іншых актывістаў "Маладога фронту" затрымалі 26 красавіка пасля заканчэння акцыі "Чарнобыльскі шлях — 2012". На наступны дзень ён быў прызнаны судом Савецкага раёна вінаватым у дробным хуліганстве і прыгавораны да 15 сутак арышту. Актывіст павінен быў выйсці на волю 11 мая, аднак суд Маскоўскага раёна прыгаварыў яго яшчэ да пяці сутак арышту. Праваабаронца Анастасія Лойка выказала меркаванне, што новае затрыманне Мускага звязана з яго адмовай праходзіць тэрміновую службу ў арміі і патрабаваннем альтэрнатыўнай службы. На 14 мая яму выдалі позву ў ваенкамат.

З пачатку гэтага года Мускі правёў у зняволенні каля 50 дзён, адзначаюць у "МФ".

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства