Прадстаўнік Следчага камітэта Герасімаў памыляецца
Сёння афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта Беларусі па Менску Аляксандр Герасімаў заявіў у інтэрв'ю БелаПАН, што крымінальная справа па ч. 2 арт. 193 КК (арганізацыя альбо кіраўніцтва грамадскім аб'яднаннем, рэлігійнай арганізацыяй, якія замахваюцца на асобу, правы і абавязкі грамадзян) у Беларусі распачата ўпершыню. Гэтая справа ўзбуджана супраць менчука, які, паводле следсва, арганізаваў і ўзначаліў грамадскае аб’яднанне «Аўтаномныя нацыянал-бальшавікі».
Аднак менавіта па гэтым складзе злачынства ў 2006 годзе была ўзбуджаная крымінальная справа супраць актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы "Партнёрства", якія ажыццяўлялі назіранне за выбарамі прэзідэнта, нагадвае Павел Сапелка, які прадстаўляў бок абароны ў гэтай крымінальнай справе.
“Крымінальная справа па частцы 2 артыкула 193 КК узбуджаецца ў Беларусі як мінімум у другі раз. Паколькі напачатку 2006-га года, пасля прэзідэнцкіх выбараў, была ўзбуджана КДБ, расследавана Пракуратурай горада Менска і накіравана ў суд крымінальная справа ў дачыненні да сябраў незарэгістраванай арганізацыі “Партнёрства”. І ўжо ў прысудзе іх дзеянні былі перакваліфікаваныя на артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса”, - кажа Павел Сапелка.
Юрыст удакладняе, што па артыкуле 193 КК караецца арганізацыя ці кіраўніцтва грамадскім аб’яднаннем дыструктыўнага характару ў адрозненне ад артыкула 193-1 КК, які ўцэлым забараняе удзел у дзейнасці незарэгістраваных арганізацый.
Нагадаем, што актывісты Грамадзянскай ініцыятывы "Партнёрства" Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка, якія праводзілі назіранне за выбарамі прэзідэнта, былі затрыманыя 22 лютага 2006 года. Фармальнай падставай для следчых дзеянняў і затрыманняў з’яўлялася нібыта іх датычнасць да распаўсюду сатырычных мультфільмаў на палітычныя тэмы. 2 сакавіка ім было прад’яўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 193 КК РБ. 4 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска абвінавачанні па ч. 2 арт. 193 КК РБ былі знятыя, а прысуд суддзя Леанід Ясіновіч вынес па арт. 193.1 КК РБ.