Віцебская абласная газета выступіла супраць незалежных журналістаў
У артыкуле "Фабрика "сенсаций" или Почем нынче патриотизм" аўтар Алена Бегунова вінаваціць недзяржўныя СМІ ў прадажніцтве і здрадніцтве Радзіме "дзеля бруднай папулярнасці". Таксама журналістка не бянтэжыцца выкарыстоўваць самыя брыдкія выразы на адрас вязня Сяргея Каваленкі, пра якога пішуць калегі "з іншага лагеру". Але, не абмяжоўваючы сябе ў ганебных выразах, А. Бегунова не вырашаецца адкрыта называць імёны і прозвішчы тых, каго называе шукальнікамі "бруднага эксклюзіву ва ўгоду сваім заказчыкам".
Артыкул "Фабрика "сенсаций" или Почем нынче патриотизм" відавочна адрасаваны тым чытачам, што схільныя верыць дзяржаўным СМІ "на слова" – без доказаў і дакментальных пацвярджэнняў.
Да прыкладу, у гатоўнасці "дзеля грошай і палітычнага прызнання недзе "там" ахвяраваць самым святым, што ў нас ёсць – Радзімай" вінавацяць нейкую міфічную "свабодалюбівую газету". Нібыта там быў змешчаны тэкст пра пахаванне зноў-такі неназванага Героя Савецкага Саюзу, дзе пра прадстаўнікоў уладаў было напісана ў неналежным тоне: маўляў, карэспандэнт перапісваў і пералічваў прозвішчы супрацоўнікаў гарвыканкаму, якія прыйшлі развітацца з нябожчыкам. Але адзіная незалежная газета "Витебский курьер" нічога падобнага не друкавала. Затое матэрыял пра цэрымонію развітання з Героем Савецкага Саюзу Леанідам Філіпенкам быў размешчаны на сайце "Народныя Навіны Віцебска". Праўда, сваякі нябожчыка – самыя блізкія людзі – нічога крыўднага для сябе не заўважылі: наадварот, дзякавалі выданню, якое першым адгукнулася на іх гора.
Самую вялікую частку свайго артыкула А.Бегунова прысвяціла матэрыялу пра паселак Асвея. З ужытых у тэксце цытат вынікае, што гаворка ідзе пра артыкул Сяргея Гудзіліна "Край Беларусі. Поўнач: Асвея" ў газеце "Наша Ніва". Спадарыня Бегунова вінаваціць "сталічнага папуліста" ў выкарыстанні "брудных тэхналогій", піша, што ён "палічыў за гонар наведаць дамы ўсіх мясцовых алкашоў" і нават "пайшоў на шматлікія парушэнні закону". Дасталося аўтару нават за тое, што тытры да відэазпісу ён пераклаў на англійскую мову – маўляў, яўна не для сваіх суайчыннікаў "з радушнай і даверлівай глыбінкі". Абурыла ж Алену Бегунову, падобна, тое, што ў фотаздымках "палітычна заклапочанага рэпарцёра" праглядаюць не адны станоўчыя моманты, пра якія звыкла рапартуе дзяржаўная прэса.
Асобна ў артыкуле "Фабрика "сенсаций" или Почем нынче патриотизм" вылучаецца фрагмент, дзе А.Бегунова піша пра "30-гадовага аболтуса, які вырашыў аднойчы для выражэння сваёй грамадзянскай пазіцыі залезці на высачэзную навагоднюю елку". Няцяжка здагадацца, што журналістка мае на ўвазе Сяргея Каваленку, хоць яна й не згадвае пра тое што віцебскі сябар КХП БНФ вывесіў 7 студзеня 2010 году на ёлцы бел-чырвона-белы сцяг. У артыкуле на адрас вязня, які распачаў ужо другую галадоўку пратэсту, і на адрас усёй сям'і Каваленкаў гучаць самыя зняважлівыя эпітэты – то ен банальны хуліган, то "елачны палітзняволены", пасля судовага працэсу над якім суддзі і пракурору забаранілі выезд у Еўразвяз…
Досыць паказальна, што артыкула "Фабрика "сенсаций" няма на афіцыйным сайце “Вицебскага рабочага”. Бо падзяліць з аўтарам ананімнае "праведнае абурэнне" наўрад ці зможа тое, хто чытаў журналісцкія матэрыялы, якія крытыкуе Алена Бегунова. Усе яны ёсць у інтэрнэце, аднак журналістка разлічвае на падтрымку хіба толькі тых, хто давярае выключна атрыманай па пошце "правільнай" газеце.