viasna on patreon

На малой радзіме Лукашэнкі зноў карупцыйны скандал

2012 2012-05-08T09:54:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/daliary1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці разгараецца чарговы карупцыйны скандал, паведамляе абласная незалежная газета “Магілёўскі Выбар”.

Згодна інфармацыі “Магілёўскага Выбара”, “Нядаўна ў Шклове пацярпеў ад сваёй хцівай дзейнасці прадпрымальнік, які займаўся экспартам калійных ўгнаенняў (справа не ў прозвішчы, бо ён мог і не быць ініцыятарам здзелак). Хлорысты калій, такі неабходны шклоўскім палеткам, перапраўляўся за мяжу, не слаба папаўняючы кішэні шклоўскіх хітруноў ад прыбытковага экспарту. Хітрасць у тым, што ўгнаенні купляліся па цане для сельгаспрадпрыемстваў, якая ў разы меней цаны экспартнай, а прадаваліся за валюту без асаблівага бухгалтарскага ўліку, бо частка ўгнаенняў была проста скрадзена асобнымі кіруючымі  кадрамі.

Фасоўка экспартнага прадукта праводзілася на гарадзецкім аэрадроме, які, слава богу, яшчэ дзейнічае. Але ў нашым выпадку гэта месца дзеяння можа адыграць негатыўную ролю для цяперашніх кіраўнікоў і спецыялістаў “прэзідэнцкага” саўгаса і не толькі.

Тыя сумы грошай, якія былі канфіскаваны ў ходзе аператыўна-вышуковых дзеянняў (непасрэдна ў час захопу пры злачынцы, які дастаўляў “даход” ў Шклоў, знаходзілася 120 000 даляраў ЗША) і тая шырыня бізнэсу, якая суправаджала дзейнасць прадпрымальніка, пацвярджаюць маштабы крадзяжу дзяржаўных сродкаў”.

Неабходна адзначыць, што гэта далёка не першая карупцыйная справа, якая расследуецца ў Шклоўскім раёне зараз. У мінулым годзе на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі знікла 17 мільярдаў рублёў бюджэтных грошай, накіраваных, па незразумелых для любога спецыяліста прычынах, на закупку племянной жывёлы ў такой “развітой” у галіне жывёлагодоўлі краіне, як Сербія. У выніку бюджэтныя грошы зніклі, Следчы камітэт вядзе расследванне, а ў Шклове працягваюць абмяркоўваць буйнейшую фінансавую аферу ў гісторыі раёна. Спадзеву на вяртанне грошай зусім няшмат, лічаць дасведчаныя спецыялісты.

Як з іроніяй адзначае газета “Магілёўскі Выбар”, “калі прынцыпова падыйсці да сваіх абавязкаў, то паўраёна перасадзіць можна. Але ж сярод чыноўнікаў няма ніводнага апазіцыянера, адны толькі чальцы прапрэзідэнцкай “Белай Русі” (ну і словазлучэнне!), рэдка, але пракідваюцца і чальцы БРСМ. Каго ж тады садзіцьу турму, калі садзіць, атрымліваецца, што некага”.

Не радуе і агульная сітуацыя са злачыннасцю, якая склалася ў Шклоўскім раёне ў 2012 годзе. За 3 месяцы на тэрыторыі раёна зарэгістраваны 92 злачынствы, што на 8,2% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (2011 – 85). Асобы, вінаватыя ў здзяйсненні злачынстваў, устаноўлены ў 67 выпадках. Узрасла і колькасць злачынстваў, зарэгістраваных па лініі крымінальнага вышуку, якіх было здзейснена 67, з іх 44 раскрыта.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства