Глыбоцкія міліцыянты зрываюць налепкі пра мясцовыя выбары
Каля гарадзкога рынку “Верас” у Глыбокім, а таксама ў іншых людных мясьцінах райцэнтра былі зьявіліся невялікія абвесткі памаранчавага колеру. Зьмест іхны быў наступны: “У студзені адбудуцца выбары ў мясцовыя саветы. На самой справе ніякіх выбараў ня будзе, будзе хіба пародыя на іх. Ніхто нават не зьбіраецца лічыць галасы. Але! Гэтыя выбары -- рэальны шанец данесьці людзям інфармацыю!”
Ахвотных балятавацца ў мясцовыя саветы і проста гатовых дапамагчы запрашаў да ўдзелу ў сваёй камандзе мясцовы актывіст Яраслаў Берніковіч – напрыканцы абвесткі быў зьмешчаны ягоны тэлефонны нумар. Аднак першыя званкі ад жыхароў Глыбокага паступілі з іншае нагоды: людзі абураліся, што мясцовыя міліцыянты (адзін зь іх быў палкоўнік міліцыі) зрываюць памаранчавыя паперкі са слупоў і забіраюць іх сабе.
У райаддзеле міліцыі кажуць, што пра далейшы лёс абвестак нічога не вядома, але не выключаюць, што гэты інцыдэнт можа стацца падставай для разьбіраньня і прыцягненьня глыбоцкага апазыцыянэра да адміністрацыйнай адказнасьці, паведамляе Радыё Свабода.