У Магілёве будуць пікетаваць “За сумленныя выбары без Лукашэнкі!”
У якасці пачатку кампаніі “За сумленныя выбары без Лукашэнкі!” актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі падалі две заяўкі на пікеты ў мясцовы гарвыканкам. Сярод месцаў для правядзення пікетаў пазначаны Савецкая плошча і пляцоўка каля Дыягнастычнага цэнтра.
Лідэр Магілёўскага АГП Уладзімір Шанцаў гаворыць, што актывісты наўмысна вырашылі правесці пікеты ў недазволеных уладай месцах.
“Па-першае, на адзінае месца ў горадзе на стадыёне “Хімік”, дзе дазваляецца правядзенне пікетаў, ніхто з гараджан не ходзіць, а па-другое, улада праводзіць мерапрыемствы там дзе хоча і не плаціць за іх нічога. Мы жа абавязаны за іх плаціць і атрымліваць адпаведныя дазволы. Дзе тут справядлівасць? Гэта можна назваць толькі амаральнымі ўчынкамі ўлады”, - гаворыць Уладзімір Шанцаў.
Кіраўнік Магілёўскай АГП таксама кажа, што праз распачатую кампанію актывісты іх партыі будуць дамагацца, каб Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была аднолькава для выканання як для ўлады, так і для народа.