Затрыманні ў Менску (дапаўняецца)
Па інфармацыі праваабаронцаў, у Савецкім РУУСе Менска зараз знаходзяцца маладафронтаўцы Міхась Мускі і Раман Васільеў, на іх склалі пратаколы за хуліганства па арт. 17.1 КаАП. Хлопцаў затрымалі, калі яны сыходзілі з Парку Дружбы народаў пасля мітынгу.
Па словах дзяжурнага ў Савецкім РУУСе ўтрымліваецца каля 30-ці затрыманых.
З Цэнтральнага РУУСа выпусцілі затрыманых каля «Макдональдса» паблізу пл. Бангалор - васьмярых хлопцаў-расейцаў з "Яблыка", уключаючы іх лідэра Кірыла Ганчарова, і дзвюх дзяўчын-беларусак, адна з іх - Юля Івашкевіч.
Маладафронтавец Мікола Дземідзенка дастаўлены ў Савецкі РУУС. За групай актывістаў, у ліку якіх быў ён, людзі ў цывільным ехалі да станцыі метро "Маскоўская". Заблакаваўшы актывістаў на станцыі, паведамілі, што ім патрэбны Дземідзенка, астатніх не кранулі.
З Савецкага РУУСа пасля складання пратакола па арт. 23.34 КаАП («парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў»), узяцця адбіткаў пальцаў і відэаздымкі адпусцілі Валянціну Дваракову.
Падчас шэсця дзяўчына на гаўбцы дому № 36 па вуліцы Сурганава вітала калону бел-чырвона-белым сцягам. Убачыўшы гэта, міліцыянты з’явіліся да яе ў кватэру і затрымалі.