viasna on patreon

Абследаванняў не праводзіцца: з Сяргеем Каваленкам сустрэліся сваякі

2012 2012-04-26T16:58:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

З віцебскім апазіцыянерам Сяргеем Каваленкам у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках сустрэліся яго сваякі. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка Алена Каваленка.

«Як мне расказала цётка Сяргея, лячэння яму толкам не аказваюць. Некаторыя лекі, якія мы яму перадавалі, да яго не даходзяць. Кругласутачна, праз шкло, за ім назіраюць урачы. Страўнік у яго пакуль поўнасцю не працуе, ёсць праблемы з падстраўнікавай залозай і ныркамі», — паведаміла Алена Каваленка.

Акрамя таго, паводле яе слоў, у РНПЦ псіхічнага здароўя па-ранейшаму адмаўляюцца перадаць некаторыя прадукты, неабходныя для выхаду з галадоўкі. «У прыватнасці, не дазваляюць перадаваць неабходныя Сяргею сокі з агародніны. Таму ён цяжка выходзіць з галадоўкі», — сказала Алена Каваленка.

Яна адзначыла, што ўрачы РНПЦ псіхічнага здароўя ў прыватных гутарках адзначаюць, што Сяргей Каваленка павінен прабыць у іх месяц, і затрымаецца там максімум да 10 мая. «Пры гэтым пакуль ніякіх абследаванняў псіхічнага здароўя, акрамя кругласутачнага назірання, не праводзіцца», — заявіла Алена Каваленка.

***
Нагадаем, рашэнне накірваць Сяргея Каваленку на комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянару прыняла 10 красавіка судовая калегія Віцебскага абласнога суда. Да атрымання вынікаў экспертызы абласны суд прыпыніў разгляд касацыйнай скаргі Каваленкі на прыгавор суда Першамайскага раёна Віцебска, які 24 лютага прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, вынесеным апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска, — тры гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка знаходзіцца ў зняволенні з 19 снежня 2011 года. У знак пратэсту ён абвясціў галадоўку і страціў палову сваёй вагі, якая складала 83 кілаграмы. 1 красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць, бо прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах ён адмаўляўся, нягледзячы на шматлікія ўгаворванні родных, просьбы прадстаўнікоў грамадскасці і апазіцыйных палітыкаў. Пры гэтым Каваленка заяўляў, што спыніў бы галадоўку, калі б яго перавялі ў звычайную цывільную бальніцу.

13 красавіка стала вядома, што Каваленка добраахвотна спыніў галадоўку і пачаў самастойна выходзіць з яе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства