Недавер жыхароў Баранавіцкага раёна да міліцыі за год павялічыўся ўдвая
Колькасць жыхароў Баранавіцкага раёна, якія не давяраюць мясцовай міліцыі, за год стала ўдвая больш: з 5,3% да 11,4%. Пра гэта паведаміла 19 красавіка мясцовая недзяржаўная газета “Intex-press”, спасылаючыся на апытанне, якое было праведзена Баранавіцкім РАУС у першым квартале гэтага года. Адначасова паведамляецца, што зменшылася колькасць тых людзей, якія гатовы аказаць дапамогу супрацоўнікам праваахоўных органаў – з 72% у першым квартале 2011 года да 64% у гэтым годзе. А вось колькасць грамадзян, якія цалкам давяраюць раённай міліцыі, засталася практычна нязменнай.
Такім чынам, вынікі грамадскага апытання сведчаць аб тым, што меркаванне жыхароў Баранавіцкага раёна аб міліцыі пагоршылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Праваабаронца Сяргей Гоўша тлумачыць гэтую з’яву тым, што многія міліцыянеры маюць невысокі прафесіяналізм і нізкую прававую культуру. Супрацоўнікі міліцыі часта кіруюцца не законамі, а загадамі свайго начальства, таму і стаўленне да іх мяняецца ў горшы бок.