Магілёўскі актывіст БНФ Сяржук Нягацін абскардзіў трохмільённы штраф
Адпаведную скаргу на пастанову суддзі Ленінскага раёна Магілёва Аксаны Ратнікавай ён накіраваў у абласны суд.
Сяржук Нягацін просіць адмяніць пастанову суда і вынесены яму штраф, а таксама прыцягнуць да адказнасці за выяўленыя падчас судовага пасяджэння парушэнні заканадаўства аб СМІ і вынесці прыватнае вызначэнне ў адрас суддзі, а таксама супрацоўнікаў міліцыі Голубева, Сафронава і Баварава, якія затрымлівалі актывіста.
Нагадаем, што 12 красавіка Сяржук Нягацін быў пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь (3 млн. руб.) за распаўсюд газеты “Тут і цяпер” на Віленскім рынку Магілёва. Яго даставілі ў пастарунак дзе канфіскавалі 80 асобнікаў выдання.
Актывіста адпусцілі, аднак праз некалькі дзён патэлефанавалі і прапанавалі забраць газеты. Калі ж ён явіўся ў пастарунак, то на яго склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за распаўсюд выдання ў якім недакладна пазначаныя зваротныя дадзеныя. З пастарунка Сяржука адразу павезлі у суд. Па хадайніцтву актывіста суд быў перанесены на адзін дзень.
Сярод аргументаў незаконнага судовага рашэння актывіст БНФ адзначае тое, што яго пакаралі штрафам па арт.17 ч.1 Закона “Аб СМІ”, паводле якога маглі караць толькі юрыдычную асобу, бо газета “Тут і цяпер”, якую ён распаўсюджваў, з’яўляецца самвыдатаўскай і мае дазволены заканадаўствам наклада 299 асобнікаў і не патрабуе рэгістрацыі. На распаўсюд гэтага выдання не патрэбны ніякі спецыяльны дазвол.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што суддзя і міліцыянты праігнаравалі патрабаванні законаў аб СМІ і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
“Рашэнне суду сведчыць пра тое, што рашэнне цалкам палітычна матываванае, бо суддзя не магла не разабрацца, што яна ўжывае не тую норму права. Аднак, відавочна, што ў яе быў загад, і яна не знайшла нічога лепшага, як ужыць у дачыненні да Сержука Нягаціна артыкул, які раней, наколькі мне вядома, нікім не выкарыстоўваўся ў падобных выпадках”, - гаворыць Барыс Бухель.