Кіраўніцтва магілёўскага хлебпрама падало скаргу ў пракуратуру з нагоды інфармацыі ў інтэрнэце
Пад раздачу патрапілі незалежныя інфармацыйныя рэсурсы Праваабарончага цэнтра “Вясна”, “Хартыя-97” і мясцовы магілёўскі партал “222”.
Каб разабрацца ў сітуацыі, магілёўская пракуратура перанакіравала скаргу ў міліцыю.
У якасці сведкі даць свае тлумачэнні быў выкліканы праваабаронца Барыс Бухель (на фота), на якога ва ўсіх публікацыях на незалежных сайтах ішла спасылка.
“Мне патэлефанаваў падпалкоўнік Дзмітрый Купрэеў з УУС, які распавёў пра скаргу, якая паступіла да іх, і прапанаваў сустрэцца, на што я пагадзіўся. Падчас сустрэчы міліцыянт цікавіўся тым, ці звяртаўся да мяне хто-небудзь па прававую дапамогу. Ён паказаў мне заяву кіраўніцтва хлебпрама, пад якой стаяла болей за 20 подпісаў супрацоўнікаў прадпрыемства, якія сцвярджалі, што яны да Барыса Бухеля не звярталіся”, - расказвае Барыс Бухель.
На гэта праваабаронца адзначыў, што кансультацыю з жанчынамі магілёўхлебпрама праводзіў па тэлефоне, і не факт, што жанчыны называлі свае сапраўдныя прозвішчы.
“Кіраўніцтва хлебпрама спрабавала выкруціцца і ў заяве паказала, што рост заробку (на што ў публікацыях на сайтах звярталася першапачатковая ўвага) склаў за тры гады амаль 200%, аднак ён на дадзены момант складае ў сярэднім 1,2-1,5 мільёны рублёў, што блізка да мінімальнага заробку.
Я таксама адзначыў, што прадукцыйнасць працы пасля мадэрнізацыі на прадпрыемстве вырасла ў 15 разоў па паведамленнях мясцовых дзяржаўных СМІ, аднак заробак работнікам не быў павышаны. Таксама я паказаў міліцыянтам арт.42 Канстытуцыі і арт. 11 Працоўнага кодэкса, якія гарантуюць работнікам заробкі, якія забяспечваюць іх саміх і іх сем’і годнае існаванне. Міністэрства статыстыкі разлічвае гэтыя паказчыкі на сям’ю з чатырох чалавек (двух дарослых і двух дзяцей). З гэтых артыкулаў выходзіць, што работнік з самай нізкай кваліфікацыяй мусіць атрымліваць не менее за чатыры мільёны рублёў. Для міліцыянта гэта было адкрыццём, якое ён, мяркую, перажываў, хаваючы эмоцыі.
Міліцыянт таксама цікавіўся, ці зарэгістравана нашае аб’яднанне, на што я сказаў так, бо Магілёўскі праваабарончы цэнтр і прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці маюць афіцыйную рэгістрацыю. Пасля гэта падпалкоўнік Дзмітрый Купрэеў сказаў, што, на яго думку, гэтая скарга не ўваходзіць у кампетэнцыю міліцыі, пра што магілёўхлебпраму будзе дадзены адпаведны адказ і рэкамендавана звяртацца ў выніку нязгоды ў суд, на што я пагадзіўся, бо ў суддзе усё глупства гэтай заявы будзе выкрыта”, - адзначае праваабаронца.
Трэба адзначыць, што пасля таго, як жанчыны ініцыявалі збор подпісаў да кіраўніцтва хлебпрама з патрабаваннем павысіць ім заробкі і з’яўленні аб гэтым інфармацыі ў інтэрнэце, некалькі чалавек кіраўніцтва прадпрыемства прымусіла пад ціскам звольніцца, а астатніх (акрамя двух) прымусіла адклікаць свае подпісы пад заявай.