viasna on patreon

Ахвяраў кантрактнай сістэмы ўсё больш

2012 2012-04-17T10:53:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cieliapunua.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун

Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун

Кабальная сістэма кантрактнага найму на працу, уведзеная Дэкрэтам Прэзідэнта №29 ад 26.07.1999 г. і падмацаваная яго Указам №180 ад 12 красавіка 2000 г., працягвае псаваць жыццё працоўнаму насельніцтву, усё часцей закранаючы не толькі апазіцыйных апанентаў рэжыма і парушальнікаў працоўнай дысцыпліны.

Усе зносіны з персаналам аддадзены на разгляд наймальнікам – дырэктарам прадпрыемстваў  і ўстановаў. І лёс працоўнага чалавека залежыць ад сумлення, настрою і г.д. “князька” на пэўнай пасадзе.

У такой сітуацыі нядаўна апынуліся і шасцёра жанчын у Мазыры – работніцы Жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка №9 КЖУП “Мазырскі райжылкамгас”. Працадаўца 6 красавіка 2012 года без усялякай матывацыі з імі не працягнуў кантракты.

Трэба адзначыць, што яшчэ год таму ўсе яны працавалі ў інтэрнаце, які належыў ААТ “Беларускабель”. Але цяжкое эканамічнае становішча прымусіла кіраўніцтва прадпрыемства перадаць інтэрнат разам з абслуговым персаналам на баланс горада. Уласнікам стаў  КЖУП “Мазырскі райжылкамгас” і там размясціўся новаствораны ЖЭУ-9. З абслуговым персаналам - загадчыцай, вахцёрамі, прыбіральшчыцамі – былі заключаны кантракты тэрмінам на адзін год. Амаль усе гэтыя жанчыны перадпенсійнага ўзросту, а хто і з групай інваліднасці – яны аказаліся не патрэбныя новаму ўласніку.

Сярод тых, каму не працягнулі кантракт, аказалася і жонка праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна Вольга. Нагадаем, што ў 2010 годзе кіраўніцтва ААТ “Беларускабель” тым жа чынам абарвала 35-гадовы шлях на прадпрыемстве (ад працоўнага да начальніка тэхнічнага аддзела) і самога Уладзіміра. Паўстае заканамернае пытанне: ці не з’яўляецца гэта сваеасаблівымі “эканамічнымі санкцыямі” ў дачыненні да сям’і праваабаронцы?

“Я не звязваю спыненне працоўнага кантракта і звальненне кіраўніцтвам “Мазырскага райжылкамгасу” маёй жонкі Вольгі з пераследам за маю дзейнасць, - кажа Уладзімір Целяпун. - Гэта сітуацыя са звальненнем шасці жанчын паказвае ўсю заганнасць сістэмы працоўных кантрактаў. І ў дадзеным выпадку лёс людзей аказаўся ў руках кіраўніка прадпрыемства Эдуарда Раманоўскага – члена Камуністычнай партыі Беларусі. Пры звальненні жанчын былі парушаны ўмовы канракту – не ўказана прычына звальнення, палажэнні і гарантыі калектыўнай дамовы, прапушчаны тэрмін уведамлення. І гэта з маўклівай згоды афіцыйнага прафсаюзу. Эдуард Раманоўскі такім чынам яскрава паказаў ролю гэтага прафсаюза ў абароне працоўных на асобна ўзятым прадпрыемстве”.

Па словах праваабаронцы, не лічыць звальненне яго жонкі выпадкам пераследу дае падствы і той факт, што сярод звольненых аказалася загадчыца інтэрната Алена Валошка – прадстаўніца лаяльнага да ўладаў лагеру.

“На працягу 10-15 год яна прызначалася сакратаром выбарчых камісіяў на ўчастку, які месціўся ў інтэрнаце. І яна была годным выканаўцам “элегантных перамогаў” на гэтым выбарчым участку, - адзначае Уладзімір Целяпун. - З ёй абышліся больш цынічна, калі ўлічыць тое, што на час звальнення яна займала выбарчую пасаду старшыні цэхавага камітэту прафсаюзнай арганізацыі ЖЭУ-9. І прафсаюз “Мазырскага райжылкамгасу” нават не паварушыўся, каб абараніць сваю актывістку і працягнуць кантракт на тэрмін выканання паўнамоцтваў старшыні цэхкама”.  

Нагадаем, што пункт 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.04.2000г. № 180 “Аб парадку прымянення Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 29” вызначае тэрміны пры падаўжэнні працоўнага кантракта: з працаўнікамі перадпенсійнага ўзросту (жанчыны – 53 гады, мужчыны – 58 гадоў), якія добрасумленна працуюць і не дапускаюць парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны - не менш чым да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (жанчыны - 55 гадоў, мужчыны - 60 гадоў) і атрымання імі права на пенсію па ўзросце.   

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства