Іван Крук звярнуўся да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека
Грамадскі актывіст з Астраўца Іван Крук (на фота) накіраваў паведамленне ва Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Копія гэтага звароту пайшла таксама міністру замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
У сваім паведамленні Іван Крук звяртае ўвагу на тое, што пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе аспрэчвае рэгістрацыю яго індывідуальнай скаргі, якая была пададзена ў КПЧ яшчэ 23 снежня 2009 году і была зарэгістраваная. Сакратарыят ААН у адпаведнасці з правіламі пераслаў Івану Круку афіцыйны адказ беларускай дзяржавы. З гэтага дакумента вынікае, што ўрад Рэспублікі Беларусь мае намер расцэньваць рашэнні, якія могуць быць прынятыя Камітэтам па такіх скаргах, як несапраўдныя.
Іван Крук у 2009-ым годзе быў адным з ініцыятараў стварэння грамадскай ініцыятывы супраць пабудовы на Астравеччыне атамнай электрастанцыі. З мэтай інфармавання жыхароў аб магчымых негатыўных наступствах стварэння АЭС ён распаўсюджваў друкаваныя бюлетэні, за што быў асуджаны да штрафу нібыта за адміністрацыйнае правапарушэнне, а пазней без станоўчага выніку прайшоў усе беларускія судовыя інстанцыі.
Іван Крук у сваім звароце просіць Упраўленне Вярхоўнага камісара, каб ягоная скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН была разгледжана, паколькі ён яе па-ранейшаму падтрымлівае і дапаўняе дадатковымі аргументамі.