viasna on patreon

Выхад з незалежнага прафсаюза - умова прасоўвання па службовай лесвіцы

2012 2012-04-05T09:42:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajuzz.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У той час, як працаўнікі мікашэвіцкага “Граніту” ужо некалькі месяцаў змагаюцца за права на стварэнне незалежнага прафсаюзу на сваім прадпрыемстве, сябры буйнейшага незалежнага аб’яднання працоўных у краіне таксама сутыкаюцца з ціскам з боку адміністрацыі прадпрыемства. Гаворка пра Незалежны прафсаюз гарнякоў, які ўжо доўгія гады дзейнічае на салігорскім “Беларуськаліі”, з’яўляецца структурным падраздзяленнем Беларскага незалежнага прафсаюзу і налічвае ў сваіх шэрагах каля 4 тысяч чалавек.

Апошнім часам салігорскія праваабаронцы ўсё часцей атрымліваюць паведамленні аб неправамоцных дзеяннях з боку адказных супрацоўнікаў ААТ “Беларуськалій” у дачыненні да работнікаў, якія з’яўляюцца сябрамі НПГ. І калі салідарнасць работнікаў працоўных спецыяльнасцяў здольна даць адлуп адміністрацыі, дык інжынерна-тэхнічныя службоўцы часцяком вымушаны пакідаць шэрагі незалежнага прафсаюзу.

- Пакуль працаваў рабочым, паралельна навучаўся ў ВНУ. Пасля заканчэння перайшоў на інжынерную працу. Начальства адразу паставіла перад фактам - альбо рост па кар’ернай лесвіцы, альбо незалежны прафсаюз, - распавёў прадстаўнікам Беларускага Хельсінскага камітэту адзін з “беларуськаліеўцаў”.

Факты ціску на інжынерных работнікаў пацвердзіў старшыня пярвічкі ААТ «Беларуськалій» Сяргей Чаркасаў:

- Насамрэч, пасля Новага года мы пачалі атрымліваць інфармацыю аб ціску на інжынерна-тэхнічных работнікаў, якія знаходзяцца ў нашым прафсаюзе. Але людзям уласціва пачуццё страху, і яны не заўсёды наважваюцца на адкрытыя дзеянні ў абарону сваіх правоў. Таму мы зрабілі пэўныя прэвэнтыўныя крокі. Накіравалі на імя гендырэктара ліст і запрасілі намесніка па ідэалогіі Анатоля Махлая да сябе на Выканаўчае бюро. Ён адказаў на нашыя пытанні ды паабяцаў разабрацца ў сітуацыі. Наша пазіцыя была пачута.

Як паведміў салігорскім праваабаронцам прэс-аташэ БНП Раман Ерашэня, адміністратыўны ціск на інжынерных работнікаў незалежнага прафсаюза назіраецца і ў іншых гарадах. Да асаблівага абсурду дайшло на Мазырскім НПЗ, дзе для ўдзелу ў фотаконкурсе дзяцей работнікаў МНПЗ неабходна выйсці з незалежнага прафсаюзу.

Прафсаюзныя функцыянеры звязваюць гэткае абвастрэнне з сацыяльным выбухам на мікашэвіцкім “Граніце” і раюць сваім сябрам неадкладна паведамляць пра факты ціску адказным прадстаўнікам першасных арганізацый.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства